29 красавiка 2024, панядзелак, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У красавіку беларусаў чакаюць маштабныя змены

16
У красавіку беларусаў чакаюць маштабныя змены

На што трэба звярнуць увагу.

У красавіку жыхароў Беларусі чакае шэраг падаражанняў, новых абмежаванняў і санкцый, уведзеных уладамі ў Менску. Таксама зменяцца некаторыя законы, пастановы і правілы і адкрыюцца новыя авіярэйсы, праўда, толькі ва ўсходнім кірунку. Пра гэта і не толькі – у новым аглядзе «Белсату».

Што падаражэе

З 1 красавіка вырастуць у кошце некаторыя маркі цыгарэтаў Pall Mall і Rothmans. У асноўным падаражанне складзе 20–30 капеек за пачак.

З 1 красавіка павысяцца тарыфы на зарадку электратранспарту. Кошт павольнай зарадкі за 1 кВт.гадз складзе 43 капейкі (цяпер – 40), хуткай – 56 капеек (цяпер – 49).

Базавая арэндная велічыня з 1 красавіка складзе 17,76 рубля (цяпер – 16,9). Ад яе залежыць памер аплаты за арэнду нерухомасці, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці і ўласнасці гаспадарчых таварыстваў.

Абмежаванні на ўвоз

З 1 красавіка скароцяцца нормы бязмытнага ўвозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання. Яны складуць 500 еўраў і 25 кг для тавараў, што ўвозяцца наземным транспартам, і 200 еўраў і 31 кг для тавараў, якія ўвозяцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях і перавознікамі на адрас фізічных асобаў. Цяпер можна ўвозіць тавараў на 1 тыс. еўраў і вагой 31 кг.

Польская мяжа

З 1 красавіка можа высветліцца сітуацыя з пропускам праз мяжу з Польшчай у Беларусь аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысячаў еўраў. Абмежаванні на іх увоз увялі з 23 сакавіка.

Змены ў «дармаедаў»

З 1 красавіка спісы грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, будуць абнаўляць штомесяц. Да таго спісы абнаўлялі штоквартальна. Уласнікі жылля, уключаныя ў базу не занятых у эканоміцы, аплачваюць камуналку паводле вялікіх тарыфаў.

Санкцыі рэжыму

З 1 красавіка стаўка падатку на прыбыткі замежных арганізацый з «несяброўскіх» краінаў, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі праз сталае прадстаўніцтва, у дывідэндах і прыраўнаваных да іх прыбытках складзе 25%. Цяпер стаўка гэтага падатку – 15%.

З 1 красавіка забаронены імпарт з Літвы шэрагу тавараў літоўскага паходжання (малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі, асобныя будаўнічыя вырабы, лядоўні, маразільнікі і іншае). Таксама забараняецца ўвоз праз беларуска-літоўскую мяжу вады, піва, віна, вінаграднага сусла, вермутаў, іншых зброджаных напояў, этылавага спірту, воцату, шынаў, пакрышак, патрыманых аўтазапчастак і адзення.

Таксама Дзяржстандарт забараніў прадаваць у Беларусі з 1 красавіка вадкі сродак для мыцця ў растваральных капсулах «Tide Альпійская свежасць» і парашкападобны «Ariel Automat водар Вербены».

Візы ў Балгарыю і Румынію

Балгарыя і Румынія з 1 красавіка пачнуць выдаваць шэнгенскія візы. У Беларусі для гэтага заключаныя пагадненні з фірмай VFS Global. Дакументы на балгарскія візы будуць прымаць у Менску, Берасці, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гародні, Лідзе, Магілёве і Пінску.

Рэгістрацыя на ЦТ

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне сёлета пройдзе з 9 да 22 красавіка. На гэты раз ЦТ, якое плануюць здаваць выпускнікі каледжаў ці мінулых гадоў, і ЦЭ пройдуць у адны дні.

Дапамога да 9 траўня

Ветэранам з 25 красавіка пачнуць выплачваць матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі. Сёлета выплаты складуць ад 1000 да 4000 рублёў.

Паспець падаць дэкларацыю

Да 1 красавіка фізічным асобам трэба падаць падатковую дэкларацыю, а да 3 чэрвеня – заплаціць падатак. Зрабіць гэта трэба тым, хто летась прадаў другую за апошнія пяць гадоў кватэру, другое аўто за год, атрымаў прыбыткі з-за мяжы або за мяжой, атрымліваў падарункі не ад блізкіх сваякоў даражэйшыя за 9338 рублёў сумарна. Калі не падаць дэкларацыю, давядзецца плаціць штраф, які будзе павялічвацца за кожны поўны месяц пратэрміноўкі.

Змяненні ў аплаце

З 6 красавіка змяняюцца парадак і памеры кампенсацыі выдаткаў пры службовых камандзіроўках. Так, павялічваецца памер сутачных у межах Беларусі з 9 да 12 рублёў за дзень. Таксама змяняецца шэраг нормаў, якія ўплываюць на кампенсацыю затратаў падчас камандзіроўкі.

Мінбудархітэктуры ўвяло новы памер адной чалавека-гадзіны Будаўнікоў 4-га разраду. Ён будзе ўжывацца для аб'ектаў, каштарысны кошт будаўніцтва якіх вызначаецца ў коштах пачынаючы з 1 красавіка, і складзе 12,46 рубля (рост – на 2,66 рубля).

Абмежаванні грошай гатоўкай

Да 8 красавіка на Прававым форуме Беларусі ідзе грамадскае абмеркаванне праекта ўказа, які прадугледжвае паэтапнае цягам 2024–2025 гадоў зніжэнне памежнага памеру плацяжу гатоўкай юрыдычнымі асобамі і ІП з боку фізічных асобаў з 500 да 100 базавых велічыняў. Пры гэтым павышаецца магчымы памер «кэшбэка» для фізічных асобаў з 2% да 10%.

Новаўвядзенні ў Telegram

З 1 красавіка карыстальнікі Telegram у Беларусі, Украіне і Расеі змогуць абмяжоўваць кола асобаў, якія дасылаюць ім асабістыя паведамленні. Як паведамляецца, гэта стала адказам на заклікі да тэрактаў, якія атрымлівалі карыстальнікі.

Экалогія і законы

З 1 красавіка пачне дзейнічаць новая рэдакцыя Палажэння аб парадку і ўмовах правядзення дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы.

З 22 красавіка юрыдычныя асобы і ІП, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль сродкамі аховы раслінаў, павінны цягам трох месяцаў пісьмова паведаміць пра гэта ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю насенняводства, каранціну і аховы раслінаў.

З 26 красавіка пачынае дзеянне новая рэдакцыя закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Адначасова пачынае дзейнічаць шэраг звязаных з ім пастановаў Саўміна і Мінпрыроды.

Рэгістрацыя правапарушэнняў

З 27 красавіка пачынаюць дзеянне змены ў закон «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў». Дапоўнены пералік выпадкаў, у якіх падача звестак пра правапарушэнні дапускаецца без згоды фізічных асобаў. Таксама змененыя тэрміны захоўвання асобных звестак у Адзіным дзяржаўным банку звестак пра правапарушэнні.

Праца з кадрамі

З 1 красавіка мяняюцца прафесійныя стандарты ў сферах адукацыйных паслуг, землеўпарадкавання, рэгістрацыі нерухомасці і інвентарызацыі, а таксама будаўніцтва, архітэктуры і інжынерных паслуг.

З 1 красавіка да 30 чэрвеня кожны працадаўца зможа пратэставаць новы механізм узаемадзеяння з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) у прызначэнні і выплаце бальнічных. Гэта павінна дапамагчы падрыхтавацца да пераходу з 1 ліпеня да новага парадку назначэння выплаты дапамог у часовай непрацаздольнасці.

З 13 красавіка змяняюцца памежныя памеры ўзнагароджання страхавому агенту – фізічнай асобе, якая знаходзіцца ў штаце страхавой арганізацыі. А 5 красавіка – парадак атэстацыі супрацоўніка грамадскага аб'яднання спажыўцоў.

Змяненні ў перавозках і правах

З 1 красавіка пачнуць выкарыстоўвацца новыя структуры і фармат інфармацыі пра выкананыя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах і аўтамабілямі-таксі. Таксама змяняюцца правілы аўтамабільных перавозак грузаў.

Акрамя таго, у рамках інтэграцыі з Расеяй грамадзяне Беларусі і РФ змогуць замяніць замежныя правы кіроўцы на нацыянальныя без праходжання навучання, здачы тэорыі і практычнага іспыту.

Фінансавыя змены

Да 24 красавіка банкі абавязаныя прывесці свае правілы ўнутранага кантролю ў адпаведнасць з патрабаваннямі ў сферы прадухілення легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавай паразы пры ажыццяўленні аперацый з электроннымі грашыма.

З 6 красавіка набывае моц Палажэнне аб парадку ажыццяўлення фінансава-эканамічнай ацэнкі, вызначэння структуры фінансавання, маніторынгу і суправаджэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Таксама змяняецца парадак разгляду бізнэс-планаў інвестпраектаў, правядзення конкурснага адбору праектаў, якія фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага інавацыйнага фонду.

З 1 красавіка ў інфашапіках і банкаматах «Прыёрбанка» не будуць прымаць купюры наміналам 5 рублёў. Усе астатнія наміналы беларускіх рублёў будуць прымацца ў звычайным рэжыме. Таксама купюра наміналам 5 рублёў застаецца даступнай для зняцця ў банкаматах «Прыёрбанка».

Змены ў будаўніцтве

Да 22 красавіка ўключна дамовы стварэння аб'ектаў дзелевага будаўніцтва, заключаныя да 23 сакавіка, неабходна прывесці ў адпаведнасць з пастановай Саўміна ад 19 сакавіка нумар 187. А з 28 красавіка змяняюцца ўмовы прыёмкі ў эксплуатацыю жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, якія будуюцца з удзелам дзяржпадтрымкі: такое жыллё змогуць прымаць без устаноўкі ўбудаванай мэблі і электраплітаў пасля адпаведных зменаў у праектнай дакументацыі.

Новыя авіярэйсы

«Белавія» адкрывае рэгулярныя рэйсы ў Маскву (Шарамеццева): з 1 красавіка – з Гомеля і 3 красавіка – з Берасця. З 26 красавіка авіякампанія запускае прамыя рэйсы з Менска ў сталіцу Дагестана – Махачкалу. Акрамя таго, авіякампанія з 16 красавіка арганізуе дадатковы рэйс у Індыю, а з 19 красавіка да 15 лістапада будзе рэалізоўваць палётную праграму ў Турцыю (Анталья, Ізмір і Бодрум).

Расейская авіякампанія Red Wings з 21 красавіка запускае прамыя рэгулярныя рэйсы з Архангельска ў Менск. А Belarus Airways з 6 красавіка павялічвае колькасць рэгулярных рэйсаў па маршруце Ташкент – Менск – Ташкент.

Змяненні ў працы транспарту

Прыгарадныя аўтобусныя маршруты ў Менску з 6 красавіка пераходзяць на вясновы графік. А Беларуская чыгунка з прычыны рамонту зменіць расклад і маршруты некаторых цягнікоў. Так, на перагонах Менск-Паўднёвы – Калядзічы з 1 да 30 красавіка і Менск-Сартавальны – Памыслішча з 8 да 25 красавіка, а таксама з 1 красавіка на адрэзку Магілёў – Жлобін – Гомель пасажырскія цягнікі будуць рухацца змененым маршрутам і раскладам.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках