На мяжы Беларусі і ЕЗ пачалі разварочваць фуры
27- 30.03.2024, 20:39
- 38,362
Шчыліны для абыходу санкцый закрываюць.
На мяжы ЕЗ і Беларусі, акрамя аўто, пачалі разварочваць і іншыя тавары. У кампаніях кажуць, што найбольш складанасцяў з грузамі – на літоўскай мяжы, піша Office Life.
Прадстаўнікі кампаній-імпарцёрак расказалі рэсурсу, што сітуацыя з іншымі таварамі такая самая, як з увозам аўтамабіляў, калі на мяжы з ЕЗ спасылаюцца на еўрапейскае заканадаўства, у якое ўнесеныя папраўкі Рэгламентам Рады ЕЗ № 2024/745 ад 23 лютага ў рамках 13-га пакету санкцыяў.
У выніку з 23 сакавіка праблемы ўзніклі з грузамі, якія перасякалі еўрапейскую мяжу і накіроўваліся ў Беларусь, Казахстан, Узбекістан, Грузію, Турцыю, ААЭ. У сутнасці размова ідзе пра выкарыстанне другасных санкцый у дачыненні да Расеі.
Нагадаем, раней Еўразвяз у рамках санкцый забараніў пастаўкі ў Расею шэрагу аўтамабіляў. Аднак яны прадоўжыліся з абыходам санкцыяў праз Беларусь і іншыя краіны, у тым ліку з выкарыстаннем схемы фальшывага транзіту. У сакавіку Літва, Польшча і Латвія перасталі выпускаць аўтамабілі на транзітных нумарах з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра.