16 траўня 2024, Чацвер, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі судзілі бізнэсоўца, які ў прапагандысцкім фільме крытыкаваў Бабарыку

7
У Гомелі судзілі бізнэсоўца, які ў прапагандысцкім фільме крытыкаваў Бабарыку

У 2020 годзе Навум Кац хваліў рэжым Лукашэнкі.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 8 красавіка разгледзелі справу за "экстрэмізм" у дачыненні да вядомага мясцовага прадпрымальніка.

Адміністрацыйную справу паводле частцы 2 артыкула 19.11 КоАП (“распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”) на Навума Каца разглядаў суддзя Віктар Казачок, вядомы палітычнымі прысудамі. Афіцыйных звестак аб прысудзе няма. Сам Кац на званкі «Радыё Свабода» не адказвае, ягоны нумар недаступны.

Выданне расказвае, што вядома пра гэтага прадпрымальніка, а таксама пра яго магчымы палітычна матываваны арышт.

Фабрыка абутку прагарэла яшчэ ў 2019 годзе

Навум Кац дагэтуль прадстаўляў сябе як буйнога бізнэсоўцу, уласніка абутковай фабрыкі, дырэктара "Цэнтра бізнэс-развіцця". Аднак яго поспехі звязаныя з мінулым - абутковая фабрыка “Бацічэлі” не працуе з 2019-га, яе сайты і сацыяльныя сеткі даўно не абнаўляліся. Не абнаўляюцца з 2021 года і сацыяльныя сеткі "Цэнтра бізнэс-развіцця", да якога мае дачыненне прадпрымальнік. Крыніца з асяроддзя гомельскіх бізнэсоўцаў расказала, што справы ў Навума Каца апошнім часам ішлі не вельмі ўдала.

"Даўно прагарэў, і на сённяшні дзень "даядаў" тое, што засталося ад ранейшага жыцця і пасля разводу з другой жонкай, якая таксама працавала на фабрыцы і пасля банкруцтва сышла ад яго", – сцвярджае суразмоўца. Як заяўляў сам прадпрымальнік, апошнія гады ён займаўся кансалтынгавымі паслугамі. У гомельскіх СМІ апошні раз Навум Кац з'яўляўся ў 2022 годзе - абяцаў моладзь навучыць бізнэсу.

“Навіна, што яго затрымалі за “экстрэмізм”, выклікала ва ўсіх шок. Ён заўсёды і выключна быў толькі за ўладу”, - распавёў “Свабодзе” прадпрымальнік з Гомеля, асабіста знаёмы з Кацам.

Афіцыйных звестак аб прысудзе Навуму Кацу ў адкрытым доступе няма. Як стала вядома выданню, у мясцовым ІЧУ на просьбу прыняць перадачу для Навума Каца адказалі, што яму яна дазволена толькі адна на ўвесь тэрмін зняволення, а за кратамі ён прабудзе “да 22-га (красавіка)”.

Выступ супраць Віктара Бабарыкі

Сваё здзіўленне магчымым арыштам Навума Каца суразмоўцы “Свабоды” тлумачаць тым, што ў 2020 годзе ён з'яўляўся ў беларускіх СМІ, дзе хваліў уладу і Аляксандра Лукашэнку асабіста. Казаў тады, што "9-10 жніўня людзі займаліся экстрэмізмам" і заклікаў усіх "забыцца пра тыя падзеі".

Яшчэ перад выбарамі, у ліпені 2020 года, Кац зняўся ў прапагандысцкім фільме, дзе выступіў супраць "Белгазпрамбанка" і Віктара Бабарыкі. Са слоў Каца, менавіта Бабарыка збанкрутаваў яго.

“На той момант фабрыка Каца ўжо “памерла”, ніякі Віктар Бабарыка не мог яго збанкрутаваць. Кац страціў фабрыку, развёўся з другой жонкай, тая з'ехала ад яго. Вінаваціць тут Бабарыку? Ну гэта проста паклёп быў”, - мяркуе яшчэ адзін з гомельскіх бізнэсоўцаўў, які пажадаў захаваць ананімнасць.

У фільме Навум Кац распавёў, што пасля ягонага “банкруцтва” Бабарыкам ён атрымаў інфаркт.

“На капрыз банка, а ў мяне выдатны працоўны калектыў, 160 чалавек, засталіся без працы, сам я патрапіў у лякарню. Яны (“Белгазпрамбанк”. - заўв.) успалі на маю жонку так, што яна ледзь не загінула ў аўтакатастрофе”, - сцвярджаў бізнэсовец.

Тады ж, у 2020 годзе, "Белгазпрамбанк" афіцыйна патлумачыў сваю пазіцыю. Са звестак Банка, з 2016 года абутковая фабрыка Навума Каца фактычна спыніла абслугоўванне сваёй пазыкі, але, нягледзячы на гэта, атрымала растэрміноўку да 2018-га. Паміж банкам і фабрыкай было тры крэдытныя дамовы, адна з якіх — 200 тысяч даляраў.

“Фактычна вытворчасць абутку на прадпрыемстве спынілі ў 2018 годзе. Далей працягвалася спрэчка за адсоткі, тэрміны і санкцыі. Пагадненні і абяцанні Навума Каца не былі выкананыя. У сакавіку 2020 года Бабарыка зноў сустракаўся з Кацам, вынікам чаго была выплачаная запазычанасць на 15 тысяч даляраў, банк вярнуў жонцы Каца арыштаваны аўтамабіль”, - паведамляў у 2020 годзе банк.

На момант здымак фільма, у ліпені 2020 года Навум Кац быў вінны банку Віктара Бабарыкі больш за 29 тысяч даляраў.

“Маё асабістае меркаванне такое, што нашыя доблесныя “органы” не ведаюць пра рэальны фінансавы стан Навума Каца. Яго маглі затрымаць, каб займець ад яго грошы. Але яны на гэты раз памыліліся - грошай у яго ўжо няма”, - кажа суразмоўца “Свабоды” з асяроддзя гомельскіх бізнэсоўцаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках