16 траўня 2024, Чацвер, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэальнай падрыхтоўкі няма ніякай - робіцца ўсё для паказухі»

15
«Рэальнай падрыхтоўкі няма ніякай - робіцца ўсё для паказухі»

Як праходзяць зборы вайсковаабавязаных у Беларусі.

У пачатку сакавіка 2024 года Міністэрства абароны паведаміла аб старце праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх частак. Для гэтага набралі некалькі тысяч вайскоўцаў запасу. «Зеркало» паразмаўляла з беларусам, які нядаўна вярнуўся са збораў. А таксама з беларускай, чый муж зараз знаходзіцца ў адной з воінскіх частак, яго не выратавала ад удзелу нават цяжарнасць жонкі.

«Афіцэры ўвесь час казалі, што трэба быць гатовым да ўсяго»

Алегу 27 гадоў, ён працуе на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў. Некалькі дзён таму мужчына вярнуўся з вайсковых збораў, дзе правёў блізу трох тыдняў. За гэты час, кажа мужчына, ніякіх новых ведаў ці навыкаў у параўнанні з тэрміновай службай ён не атрымаў.

- Пакапаў акопы, паслухаў лекцыі пра дрэнны Захад, і ўсё, нават зброю ў руках не трымаў, - прызнаецца суразмоўца. - Сказалі, што могуць прызваць зноў і каб усе былі да гэтага гатовыя. Прапаноўвалі запісацца ў нейкую тэрытарыяльную абарону, але я адмовіўся.

Вайсковае званне Алега - старшына. Разам з ім на зборах былі таксама шарагоўцы і сяржанты. Прыглядалі за імі, давалі ўказанні і прыдумлялі заняткі малодшыя афіцэры.

- Было відаць, што лейтэнантам і капітанам гэта ўсё самім не вельмі падабаецца і не трэба, але напружанасць адчувалася, - распавядае мужчына. - Афіцэры ўвесь час казалі, што трэба быць гатовым да ўсяго. Але мяркуючы па тым, чым мы там займаліся, рэальнай падрыхтоўкі няма ніякай - робіцца ўсё для паказухі і каб даць справаздачу перад начальствам.

Акрамя капання акопаў салдаты і сяржанты, прызваныя на зборы, наведвалі лекцыі (іх таксама праводзілі малодшыя афіцэры). Са слоў Алега, нічога цікавага на іх ён не пачуў.

- Распавядалі, што НАТА хоча ўстанавіць кантроль над усім светам, але вельмі баіцца Расеі і Беларусі, - смяецца мужчына. — Яшчэ расказвалі казкі аб тым, што нейкія дыверсійныя групы неаднаразова заходзілі на тэрыторыю Беларусі, што Украіна — гэта разменная манета ў планах Захаду (праўда, нічога канкрэтнага пра гэтыя планы нам так і не расказалі). Калі коратка, на лекцыях неслі ўсю тую ж лухту, якую кожны дзень распавядае прапаганда. Самае сумнае, што амаль траціна рэзервістаў у гэта рэальна вераць. Але гэта, у асноўным, людзі з вёсак і з не вельмі добрай адукацыяй.

«Чым вышэйшае званне - тым далей ад фронту»

Муж Лізаветы на тэрміновай вайсковай службе не быў, але скончыў вайсковую кафедру ва ўніверсітэце, атрымаўшы такім чынам малодшае афіцэрскае званне. Нядаўна яго выклікалі на вайсковыя зборы. Не дапамагло нават тое, што жонка знаходзіцца на сёмым месяцы цяжарнасці.

- Калі мужа выклікалі, ён сказаў у вайсковым камісарыяце, што я цяжарная, паказаў пацвярджальныя медыцынскія дакументы. Але яму адказалі, што тэрмін у мяне яшчэ маленькі, таму давядзецца ісці, — сумна кажа Лізавета. - Не разумею, адкуль у іх узяліся нормы цяжарнасці. У вайсковым камісарыяце не спаслаліся на нейкія законы. Магчыма, яны сапраўды ёсць, але мне здаецца, што вайскоўцы гэта проста прыдумалі, бо ім трэба выклікаць на зборы максімальную колькасць людзей.

Лізавета вельмі перажывала за мужа яшчэ да таго, як ён з'ехаў на зборы. А калі той прыбыў на месца дыслакацыі, пачала трывожыцца яшчэ больш.

— З вуснаў вайскоўцаў, якія камандуюць мужам, прагучала жахлівая фраза: «У афіцэраў так: чым вышэйшае званне — тым далей ад фронту», — гаворыць беларуска. - Не ведаю, дзе ў іх гэты фронт праходзіць. Пажартавалі, можа. Але гучыць гэта максімальна страшна.

Муж Лізаветы служыць з такімі ж малодшымі афіцэрамі, як ён сам. Шарагоўцаў з імі няма. Тым не менш бытавыя ўмовы, са слоў жанчыны, пакідаюць жадаць лепшага.

- У памяшканні казармы, дзе пасялілі мужа і яго міжвольных таварышаў па службе, не падключаны бойлер. Каб памыцца, ім даводзіцца хадзіць у харчаблок па гарачую ваду. А так яна ледзяная. Муж кажа, што ім паабяцалі даць магчымасць паплаваць у басейне, таму ўсе хлопцы мараць хутчэй пайсці туды, каб скарыстацца магчымасцю нармальна памыцца.

Муж Лізаветы правядзе на зборах 25 дзён, але, з яе слоў, старэйшыя афіцэры паведамілі, што наступны набор рэзервістаў правядзе на іх ужо 60 дзён.

- Атрымліваецца, мне яшчэ пашанцавала, што на апошнім трыместры маёй цяжарнасці мужа не забралі з сям'і на два месяцы. Акурат паспеў бы вярнуцца да нараджэння дзіцяці, - іранічна кажа Лізавета.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках