16 траўня 2024, Чацвер, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны мытнік Беларусі раптоўна раскрыў схемы, як абыходзіць санкцыі

5
Галоўны мытнік Беларусі раптоўна раскрыў схемы, як абыходзіць санкцыі
УЛАДЗІМІР АРЛОЎСКІ

Пасля гэтага яго адцэнзуравалі.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Беларусі Уладзімір Арлоўскі 10 красавіка выступіў у Савеце Рэспублікі. Там ён прапанаваў законапраект, які дазваляе легальна рэалізоўваць у краіне санкцыйныя тавары, дакументальна аформленыя як транзітныя, піша «Белсат».

У сваім выступе чыноўнік раскрыў схемы, якія будуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцыяў. Ягоныя словы спачатку былі апублікаваныя на сайце БелТА, аднак пасля іх выдалілі. Але адцэнзураваныя цытаты захаваліся на сайце расейскага ТАСС.

«Ва ўмовах усталяванага несяброўскімі краінамі тэхналагічнага эмбарга для развязання пытанняў пастаўкі ў краіну санкцыйнага абсталявання, сыравіны і камплектавальнікаў законапраект стварае ўмовы для магчымасці рэалізацыі са складоў часовага захоўвання беларускім прадпрыемствам тавараў, якія экспартуюцца з Еўразвязу на адрас трэціх краінаў транзітам праз Беларусь. Напрыклад, абсталяванне дакументальна афармляецца транзітам з Еўропы ў Азію і на тэрыторыі Беларусі рэалізуецца беларускаму прадпрыемству. Дзейным заканадаўствам такі продаж не прадугледжаны», – сказаў старшыня Мытнага камітэта.

Уладзімір Арлоўскі адзначыў, што часта для абыходу санкцый абсталяванне ўвозяць у краіну часткамі, з выкарыстаннем шматступенных лагістычных ланцужкоў.

«Для таго каб іх мытная ачыстка адбывалася з меншымі стаўкамі мытаў, як гэта ўстаноўлена для тэхналагічных ліній і іншага камплектнага абсталявання, з 30 каляндарных да 15 працоўных дзён скарочаны тэрмін прыняцця мытным органам пастановаў датычна класіфікацыі тавараў у разабраным выглядзе. Адзначу, што, напрыклад, у Расейскай Федэрацыі такі тэрмін складае 90 дзён, мы прапануем 15 дзён», – сказаў ён.

Таксама для спрашчэння ўвозу санкцыйных тавараў прадугледжанае прыняцце мытняй папярэдніх пастановаў з мытным коштам тавараў да іх увозу. Гэта дасць магчымасць імпарцёрам пры адсутнасці прамых зносінаў з прадаўцамі загадзя планаваць свае выдаткі на мытныя плацяжы. Таксама прадугледжваецца магчымасць адтэрміноўкі або растэрміноўкі выплаты вывазных мытаў.

Акрамя таго, для зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі плануецца скасаваць патрабаванне атрымліваць дазвол мытні на маркіроўку замежных тавараў, што дапаможа хутчэй уключаць тавары ў абарот унутры краіны, а таксама нарасціць аб'ёмы паслуг у маркіроўцы тавараў, якія ідуць на адрас імпарцёраў краінаў ЕАЭС. Скарачаецца пералік дакументаў, якія падаюцца ў мытню пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдураў, а шэраг папяровых дакументаў замяняецца электроннымі.

Беларускі расследавальны цэнтр (БРЦ) выявіў новы спосаб абыходу санкцый, якія забараняюць увоз беларускай драўніны ў Еўрапейскі Звяз. Як высветлілася, для гэтага трэба ўмець мінімальна карыстацца графічнымі рэдактарамі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках