16 траўня 2024, Чацвер, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанская выведка: РФ мае намер набраць у войска 400 тысячаў кантрактнікаў у 2024 годзе

5
Брытанская выведка: РФ мае намер набраць у войска 400 тысячаў кантрактнікаў у 2024 годзе

Каб кампенсаваць значныя страты ва Украіне.

У 2024 годзе ўлады Расеі збіраюцца набраць на службу паводле кантракта блізу 400 тысячаў чалавек, каб кампенсаваць значныя страты ва Украіне, паведамляе выведка Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Акрамя падтрымання вайны, Крэмль мае і іншую мэту – яна датычыцца рэалізацыі плану павелічэння колькасці ўзброеных сілаў да 1,32 млн сёлета і 1,5 млн у будучыні, гаворыцца ў зводцы.

Нейкую колькасць кантрактнікаў Мінабароны спадзяецца набраць сярод салдатаў тэрміновай службы. Чарговы вясновы набор пачаўся 1 красавіка. У адпаведнасці з указам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, ён закране 150 тысячаў чалавек ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў – на 3 тысячы больш, чым мінулай вясной.

Паводле звестак выведкі, на салдатаў тэрміновай службы часта чыніцца ціск, каб яны заключылі кантракт і іх можна было выправіць ва Украіну. Такім чынам фармальна выконваецца патрабаванне Пуціна не дасылаць прызыўнікоў на вайну. Цяпер падпісаць кантракт можна ўжо праз месяц пасля службы ў войску.

Расейскія ўлады не хочуць, каб вайскоўцы тэрміновай службы фігуравалі ў інфармацыйным полі ў кантэксце вайны з Украінай, паколькі гэта можа выклікаць негатыў у грамадстве, а «страты сярод "добраахвотнікаў" успрымаюцца больш цярпіма», адзначаюць у выведцы.

Кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу сцвярджаў, што ў 2023 годзе кантракт з узброенымі сіламі заключылі блізу 540 тысячаў чалавек, а да 20 лютага гэты лік павялічылася яшчэ на 50 тысячаў. Паводле ягоных словаў, амаль 1,8 тысячы чалавек вярнуліся на фронт пасля чацвёртага ранення, яшчэ блізу 5 тысячаў – гэта студэнты, якія ўзялі акадэмічныя адпачынкі, пастанавіўшы рушыць на вайну.

У студзені намеснік кіраўніка Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў даваў справаздачу, што паводле вынікаў 2023 года ў войска атрымалася набраць 500 тысячаў чалавек. Ён сцвярджаў, што большасць з іх – 420 тысячаў – падпісалі кантракты з узброенымі сіламі, а астатнія 80 тысячаў з'яўляюцца «добраахвотнікамі». У брытанскай выведцы паставіліся да гэтых лікаў скептычна.

Кіраўнік камітэта Дзярждумы ў абароне Андрэй Картапалаў гаварыў, што сёлета такім самым спосабам плануецца папоўніць узброеныя сілы яшчэ на 350 тысячаў чалавек. Падобныя лікі ў найманні кантрактнікаў прыводзіў праект Faridaily. Паводле ягоных звестак, Мінабароны запатрабуецца дадатковы набор 400 тысячаў чалавек. Крыніцы выдання сярод чыноўнікаў падкрэслівалі, што выконваць разнарадку будзе цяжэй, паколькі вайскоўцы завербавалі большую частку з тых, хто хацеў выправіцца на вайну, у тым ліку сярод зняволеных.

Супрацоўнік Адзінага пункта наймання на кантракт у Маскве пацвердзіў «Вёрстцы», што ахвотных стала істотна менш. «З кастрычніка рэзка ўпала плынь. Раней за дзень некалькі сотняў прыходзіла ў цэнтр, 500–600 магло быць. Не ўсе з іх, вядома, падпісвалі, але тым не менш. Цяпер новых прыходзіць 20–30 за дзень. Актыўнасць зніжаецца глабальна», – канстатаваў ён.

1 снежня Пуцін падпісаў указ пра павелічэнне штатнай колькасці Узброеных сілаў РФ да 2,209 млн чалавек. Згодна з дакументам, колькасць непасрэдна вайскоўцаў павінна вырасці да 1,32 млн. Гэта на 170 тысячаў больш, чым патрабаваў папярэдні аналагічны ўказ Пуціна, падпісаны ў жніўні 2022 года – за некалькі тыдняў да абвяшчэння мабілізацыі.

Да пачатку ўварвання ва Украіну штатная колькасць УС РФ складала 1,9 млн чалавек, уключаючы 1,01 млн вайскоўцаў. Такім чынам, двума ўказамі сукупна Пуцін павялічыў яе больш чым на 300 тысячаў чалавек – прыкладна столькі, паводле заходніх звестак, Расея страціла забітымі і параненымі ва Украіне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках