16 траўня 2024, Чацвер, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На буйных заводах Беларусі назіраецца сур'ёзны дэфіцыт кадраў

37
На буйных заводах Беларусі назіраецца сур'ёзны дэфіцыт кадраў

Толькі на МАЗ і МТЗ патрэбна амаль 5000 чалавек.

Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка заявіў, што беларускія прамысловыя вытворцы страчваюць пазіцыі на расейскім рынку, ён запатрабаваў заняцца дыверсіфікацыяй экспарту тавараў і выкарыстоўваць новыя тэхналогіі ў вытворчасці. А яшчэ палітык паскардзіўся на дэфіцыт кадраў. «Люстэрка» паглядзела, якіх супрацоўнікаў шукаюць буйныя заводы і які заробак ім абяцаюць. Напрыклад, на МАЗ не стае больш за 2,5 тысячы супрацоўнікаў, а на МТЗ – больш за 2,2 тысячы.

На заводзе «Атлант» ёсць 519 вакансій, людзі патрэбныя ў розныя падраздзяленні – ад сталоўкі і медчасткі да вытворчых цэхаў. Прыкладна палова вакансій прадпрыемства – з заробкам да 1500 рублёў.

Заробкі супрацоўнікаў стартуюць ад 650–750 рублёў, столькі атрымае за месяц гардэробнік, які працуе паводле графіка 2 праз 2 12 гадзінаў. Ён павінен будзе таксама прыбіраць гардэроб, санвузлы, душавыя.

На некаторыя спецыяльнасці патрабуецца адразу некалькі дзясяткаў чалавек. Напрыклад, завод мае патрэбу ў 24 ліцейніках пласмасы. Ім гатовыя плаціць 1650–1900 рублёў за месяц. Гэтай спецыяльнасці могуць навучыць проста на вытворчасці. Таксама патрабуецца 48 слесараў-зборнікаў лядоўняў, іх таксама навучаць на працоўным месцы. Падчас навучання супрацоўнікам будуць плаціць 800 рублёў за месяц, потым – 1300–1450 рублёў.

Чакаюць інжынера-праграміста з вышэйшай адукацыяй, досведам працы ад двух гадоў і добрым веданнем ангельскай мовы. Яму будуць плаціць 1650–2200 рублёў, гэта самы высокі заробак, які прапануе вытворца.

Заробкавая столь для наладніка абсталявання ў вытворчасці вырабаў з пласмасаў – 2200 рублёў.

На «МАЗ» – кіроўная кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» патрэбна 2589 супрацоўнікаў. Нагадаем, 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на «МАЗ» некамплект супрацоўнікаў складае 13%, а на «Менскім маторным заводзе» назіраецца цякучка працоўных спецыяльнасцяў: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўнікаў і фрэзероўнікаў. Так, на «МАЗ» больш за ўсё гатовыя плаціць ваграннікам (гэта працоўныя, якія абслугоўваюць металаплавільныя ўстаноўкі і ўстаноўкі тэрмічнай апрацоўкі металу) – 3300–3800 рублёў.

На «Менскі маторны завод» на 10 красавіка трэба 239 супрацоўнікаў. Напрыклад, заліўніку металу абяцаюць 3500 рублёў, а наладніку аўтаматаў і паўаўтаматаў – 3000 рублёў.

На завод МТЗ патрабуецца рэкордная колькасць супрацоўнікаў – 2221 (сюды ж уключаны падведамныя арганізацыі). Як і на большасці буйных прамысловых прадпрыемстваў, не стае людзей у розных падраздзяленнях – ад супрацоўнікаў у мясцовы дом культуры да вытворцаў.

Інжынеру відэамантажу на поўную стаўку абяцаюць заробак ад 626 рублёў за месяц. Для вартаўніка заробак – на 24 рублі большы. Сакратару гатовыя плаціць ад 703 рублёў.

Заробкі супрацоўнікаў вытворчасці вышэйшыя. Так, аператар абслугоўвання пылегазаўлоўных установак атрымае 1100 рублёў, а кіраўнік змены – 1129 рублёў.

Патрабуюцца заводу і эксклюзіўныя кадры – перакладнік з кітайскай мовы з вышэйшай адукацыяй і досведам працы. Плаціць яму будуць 1124 рублі.

У топе заробку на МТЗ – вакансіі для падручнага сталявара электрапечы (2600 рублёў) і сталявара электрапечы (2900 рублёў за месяц).

Менскі падшыпнікавы завод мае патрэбу ў 600 супрацоўніках. Менш за ўсё тут заробіць гардэробнік – 820–900 рублёў. Заробак да 1000 рублёў прапануюць чысцільніку металу, адлівак, вырабаў і дэталяў, кладаўшчыку, вырубніку нарыхтовак і вырабаў, мыйніку посуду, зборніку вырабаў з драўніны, дворніку і гальваніку.

Вытворчасць мае патрэбу ў інжынерах рознага профілю, але заробак у некаторых з іх не моцна адрозніваецца ад тых, што атрымліваюць працоўныя. Напрыклад, 1100–1300 рублёў атрымаюць інжынер у ахове навакольнага асяроддзя і ягоны калега, які займаецца аховай працы, а вядучы інжынер у аддзеле галоўнага механіка заробіць 1400–1500 рублёў.

Патрабуецца і кіраўніцтва. Напрыклад, два кіраўнікі лабараторыі змогуць атрымаць 1500–1600 рублёў. Кіраўнік аддзела рамонту і абслугоўвання грузапад'ёмных механізмаў заробіць 1700–1900 рублёў. Намеснік кіраўніка ўправы вырабу сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі ўбачыць у разліковым лісце 1800–2000 рублёў.

Завод «Гомсельмаш» абвясціў пра 220 свабодных вакансіях (гэта на шэсць вакансій менш, чым у мінулым верасні), усе яны адносяцца да катэгорыі працоўных. Заробкі на заводзе стартуюць ад 750 рублёў, такія грошы прапануюць на стаўку кантралёру станочных і слясарных працаў.

У большасці аб'яваў заробак хоць і ўказваецца (у залежнасці ад спецыяльнасці ён вар'іруецца ад 800 да 1500 рублёў), але канчатковы памер будзе залежаць ад выканання нормаў выпрацоўкі. Паводле дамоўна-прэміяльнай сістэмы буду працаваць машыністы кампрэсарных і помпавых установак, рамшчыкі, сталяры, слесары-сантэхнікі і іншыя.

Больш за ўсё на «Гомсельмаш» не стае наладнікаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем – 28 вакансій, аператараў станкоў з праграмным кіраваннем – 24 вакансіі і фрэзероўнікаў – 18 вакансій. Для ўсіх гэтых супрацоўнікаў указаны заробак памерам 1200 рублёў, але ён таксама прывязаны да нормы выпрацоўкі.

У кіроўнай кампаніі холдынгу «БелАЗ» нарастае дэфіцыт кадраў: калі восенню мінулага года там было 274 вакансій, то сёння – ужо 308. Праца ёсць як для простых працоўных, так і для людзей з вышэйшай адукацыяй. Прычым супрацоўнікі патрэбныя ў розныя падраздзяленні – у цэхі, бухгалтэрыю, кухню, медцэнтр і іншыя. Прыкладна ў траціне ад усіх вакансій заробак не перавышае 1000 рублёў.

З'явілася нетыповая для завода вакансія – швейцар з афармленнем на 0,5 стаўкі. Ягоны заробак складзе 315–450 рублёў (мінімум з усіх прапановаў завода).

Прыбіральнікам вытворчых і службовых памяшканняў, а таксама кухонным супрацоўнікам абяцаюць плаціць 626 рублёў. Нагадаем, менавіта столькі цяпер у Беларусі складае мінімальны заробак.

Для супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй заробкі вышэйшыя. Напрыклад, інжынеру тэхнічнага нагляду першай катэгорыі абяцаюць плаціць 1200–1500 рублёў за месяц, вядучаму бухгалтару – 1300–1700 рублёў, вядучаму інжынеру-канструктару – 1400–1800 рублёў. Заробкавую столь абяцаюць кіраўніку цэха – 1970 рублёў і муляру – 2495 рублёў.

Адзначым, што на сайце прадпрыемства заробкі пазначаныя большыя, чым у дзяржаўнай базе вакансій. Таксама паведамляецца, што супрацоўнікам дадуць поўны сацпакет, а халастым іншагароднім дадуць койка-месца ў інтэрнаце.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках