У расейскім Уладзівастоку ўзнік дэфіцыт прадуктаў
6- 11.04.2024, 18:12
- 8,012
З супермаркетаў зніклі сацыяльна значныя прадукты харчавання.
З супермаркетаў Уладзівастока зніклі сацыяльна значныя прадукты харчавання. Карэспандэнты NewsVl аб'ехалі дзевяць найбуйнейшых крам у розных раёнах горада і знайшлі ў палове з іх пустыя паліцы.
У асноўным назіраецца недахоп цукру, круп, аўсяных шматкоў, макароны, пакетаванай і заварной гарбаты, а таксама дзіцячага харчавання.
У сетцы «Рэмі» пацвердзілі дэфіцыт гэтай катэгорыі тавараў, запэўніўшы, што ён «носіць часовы характар і звязаны са складанасцямі ў працы чыгункі». «Гандлёвая сетка прыкладвае максімум намаганняў, каб найбліжэйшым часам тавар з'явіўся на паліцах», – падкрэслілі ў кампаніі.
У адной з крам «Самберы» як мінімум тыдзень таму вывесілі аб'яву аб тым, што паступленне цукру і грэцкіх круп чакаецца 4 красавіка. Пры гэтым тавару няма дагэтуль. «Цяпер у нас праходзіць рэвізія. Калі з'явіцца цукар-пясок - невядома. Набыць можна толькі рафінад», - паведаміла супрацоўніца гандлёвай залы.
Прадстаўнік сеткі адзначыў, што «дэфіцыту цукру няма - ёсць перабоі ў пастаўках, звязаныя з затрымкай чыгуначнага транспарту на Далёкі Усход».
Таксама жыхары Уладзівастока выклалі фатаграфіі з пустымі прадуктовымі паліцамі ў адной з крамаў «Фікс Прайс». Журналісты з'ездзілі туды і пацвердзілі, што тавараў мала. У самой краме заявілі, што іх сетка ў прынцыпе не разлічаная на продаж прадуктаў харчавання, а арыентуецца «на гаспадарчыя тавары і мыйныя сродкі».
Цяжкасці з дастаўкай грузаў па чыгунцы на Далёкі Усход назіраюцца з пачатку года. Сотні кантэйнераў прастойваюць у чэргах на захадзе. Прычынай стаў уведзены ўрадам прыярытэт для перавозак вугалю, якія зараз займаюць большую частку дэфіцытных магутнасцей Усходняга палігона.
Адзін з прыморскіх прадпрымальнікаў распавёў выданню, што ў лістападзе РЧ пачала «масава кідаць вагоны ці зусім, не тлумачачы прычын, не выпускаць» іх у бок Далёкага Усходу з той прычыны, што «ў прыярытэце экспарт у Кітай». «Грузы стаяць без руху па 2-4 месяцы, транспартныя кампаніі з 1 сакавіка па чыгунцы павысілі тарыфы ўтрая», - паскардзіўся ён.
3 красавіка паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў ДФ Юрый Трутнеў даручыў міністэрствам і ААТ «РЧ» разабрацца ў сітуацыі і наладзіць пастаўкі сацыяльна значных грузаў «у самыя кароткія тэрміны». «Ніводнае прадпрыемства не павінна спыніць сваю працу. Неабходна забяспечыць дастаўку ўсіх жыццезабяспечваючых грузаў «паўночнага завозу». Ніякія зрывы тут недапушчальныя, - падкрэсліў Трутнеў. Ён таксама заклікаў урэгуляваць праблему з ужо назапашанымі і не вывезенымі грузамі, адзначыўшы, што «людзі гэтыя тавары чакаюць».