Крэмль павялічыў выдаткі на ўнутраную прапаганду
2- 11.04.2024, 18:41
- 2,946
Паўмільярда даляраў на «патрыятычны кантэнт».
У 2023 годзе Расея выдаткавала 58 млрд рублёў ці 500 млн даляраў на стварэнне ўнутранай прапаганды. Пра гэта паведамляе Галоўная ўправа выведкі Мінабароны Украіны ў чацвер, 11 красавіка.
Як гаворыцца ў паведамленні, Расея выдаткавала амаль паўмільярда даляраў для стварэння «патрыятычнага кантэнту» так званымі «некамерцыйнымі» арганізацыямі, якія нібыта не звязаныя з дзяржавай-агрэсаркай і з'яўляюцца «аўтаномнымі». Гэты кантэнт яны павінны былі прасоўваць у блогах, навінах, фільмах, серыялах, відэагульнях і да таго падобнае.
У ГУР адзначылі, што арганізацыі павінны былі марнаваць выдзеленыя Крамлём сродкі на ўнутраную прапаганду для:
фармавання лаяльнай грамадскай думкі да рэжыму расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна;
апраўданне вайны РФ супраць Украіны;
уплыву на свядомасць вайскоўцаў Расеі шляхам гларыфікацыі іх удзелу ў вайне.
У ГУР выказалі здагадку, што павелічэнне выдаткаў на ўнутраную прапаганду можа сведчыць аб зніжэнні даверу расейцаў да афіцыйных медыяў РФ, а таксама аб спробе Пуціна ўзяць пад кантроль інтэрнэт-асяроддзе.