30 красавiка 2024, aўторак, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саша з вёскі Копысь

26
Саша з вёскі Копысь

Колькі палацаў сабе збудаваў былы старшыня саўгаса.

Ні для каго даўно не сакрэт, што Лукашэнка жыве ў каралеўскай раскошы, як і кожны дыктатар. Дварэцкія, кухары, асабістыя пілоты і сцюардэсы. Адной аховы столькі, што на хакейнай арэне не змесцяцца разам.

Раскошныя самалёты, італьянскія гелікаптэры, самыя дарагія ў свеце лімузіны і, вядома ж, палацы. Кожны нармальны дыктатар павінен жыць у палацы, і каб там было пабольш крыштальных люстраў, элітнага мармуру і золата. Золата павінна быць шмат. Няхай аздоба мэблі будзе залатой і сцяна з золата і на ёй залаты герб! А, ну і тэлефон у кабінеце няхай таксама будзе залаты. І трымальнік туалетнай паперы, і сметніца. Ну і каб да ўсяго тады і шторы на вокны ў гелікаптэры таксама няхай з золата. Які ж ты дыктатар, калі вакол цябе мала золата?

А яшчэ трэба збудаваць палац, і не адзін. Бо адзін палац кожны барон ці герцаг можа мець. А сапраўдны імператар павінен мець шмат палацаў і ўсюды. І Лукашэнка нічым сябе не абмяжоўвае.

Палац Незалежнасці - гэта 50 тысяч квадратных метраў раскошы. Лукашэнка прысягаў, што гэты калос не будзе яго рэзідэнцыяй і падмануў. Сёння яе афіцыйна называюць рэзідэнцыяй Лукашэнкі, і ён сам ужо гэтага не хавае. Падмануў і другі раз, калі казаў, што з бюджэту на будаўніцтва не возьмуць ні капейчыны. Узялі - аплацілі з бюджэту. Нават па самых сціплых падліках будынак і яго напаўненне каштавалі ад некалькіх соцень мільёнаў да паўмільярда даляраў. Я спецыяльна пашукаў, колькі каштуе пабудаваць дзіцячы садок у Беларусі. Дзяржаўная газета Звязда падае кошт на 3,5 мільёны даляраў. А гэта значыць, што за кошт аднаго палаца можна было адкрыць 140 новенькіх дзіцячых садкоў, або набыць тысячу тамографаў і паставіць іх у кожным раённым цэнтры, і яшчэ засталіся б грошы на рамонт некалькіх дзясяткаў паліклінік.

Але на гэта грошай у бюджэце няма, а вось на залатыя кабінеты і крыштальныя жырандолі ёсць. Як і ёсць грошы на пабудову і ўтрыманне яшчэ 17 іншых рэзідэнцый Лукашэнкі.

Давайце пералічым толькі галоўныя з іх. Сядзіба Дразды, якая раскінулася на 20 гектарах з басейнамі, лазнямі, спартыўнымі комплексамі, гасцявымі катэджамі. Рэзідэнцыя «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку - яшчэ 90 гектараў раскошы. Рэзідэнцыя «Усход» на беразе Заслаўскага вадасховішча з прычалам, тэніснымі кортамі і крыягеннымі пакоямі. Краснасельскае, ну як жа без яго? Тысячы квадратных метраў, і зноў усё тыя ж тэнісныя корты, лыжаролерныя трасы, пляцоўкі для гелікаптэраў… І такіх вось палацаў у Лукашэнкі пад два дзясяткі. І паўсюдна вітражы, элітны мармур і золата….

Вы ж памятаеце, золата ў сапраўднага дыктатара павінна быць вельмі шмат.

І, можа, калі яго будзе дастаткова, то ўсе вакол нарэшце павераць у казку: што ты - памазаны Богам пажыццёвы кароль-сонца Беларусі, а не былы кіраўнік калгаса - Саша з вёскі Копысь.

Ігар Кулей, «Белсат»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках