30 красавiка 2024, aўторак, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцэр: Беларусаў рыхтуюць да вайны

75
Афіцэр: Беларусаў рыхтуюць да вайны

Ёсць трывожныя сігналы.

Чаму з экранаў тэлевізараў беларусы ўсё часцей чуюць пра магчымую вайну?

Беларускі афіцэр на ўмовах ананімнасці расказаў сайту Charter97.org, чаму гэтыя заявы прапаганды варта ўспрымаць сур'ёзна:

- Думаю, што тут трэба падзяляць прапагандысцкую частку і дзеянні, якія робяцца ў рэальнасці. Паездка Лукашэнкі ў Ашмяны і пагрозы на межах з Літвой - поўная прапаганда. Дзеля гэтага кадра са шпіцам там і праводзіліся ўсе гэтыя вучэнні.

Што да рэальнасці, таго, што насцярожвае, дык гэта ўзровень напампоўвання нянавісцю і іншыя ўскосныя дзеянні, якія могуць сведчыць пра нешта страшнае. Да прыкладу - СМС-павесткі. Гэта ўжо трывожны сігнал, бо паступова становяцца нормай моманты вайсковага часу. Вайсковая тэхніка, зборы - раней гэта палохала і здзіўляла людзей, сёння гэта стала штодзённасцю.

- Беларусаў рыхтуюць да вайны?

- Так, гэта падрыхтоўка да вайны. Іншае пытанне, што яе можа і не быць. Усё пачынаецца са школ, дзіцячых садоў. У нас жа галоўная ідэя раней была - «абы не было вайны», а сёння на кожным дзіцячым свяце аўтамат, кулямёт. Тэлевізар жа таксама становіцца больш агрэсіўным. Некаторыя персанажы з тэлеэкранаў пагражаюць Літве, Польшчы, ледзь не "на Бэрлін".

Далей — уся гэтая ідэалагічная апрацоўка на зборах, калі прыязджаюць афіцэры з вялікімі пагонамі і расказваюць рэзервістам жахі пра NАТО, Украіну, нейкіх “бандэраўцах”. У большасці, вядома, такія апавяданні выклікаюць смех. Але ж навошта гэта расказваюць, не для чырвонага слоўца.

- Ці ёсць разуменне ў афіцэрскага складу, што беларусы не будуць ваяваць, калі іх адправіць, умоўна кажучы, прарываць Сувалцкі калідор?

- Чым больш зорак на пагонах, тым больш адарванасць ад рэальнасці. Думаю, тут ёсць яшчэ спецыфіка вайсковага мыслення. Рознага кшталту КДБшнікі, людзі, якія працуюць з настроямі, гэта цудоўна разумеюць. У першыя дні вайны менавіта яны праводзілі размовы, спрабавалі даведацца, ці гатовы беларусы ваяваць супраць украінцаў. На гэтым узроўні ёсць поўнае разуменне настрояў. Што тычыцца генералітэту - не буду казаць адназначна.

Яны жывуць у парадыгме “расейскага свету”, “вайсковага братэрства”, савецкіх метадычак, дзе расказваецца пра ворагаў з NАТО. Яны адарваныя ад рэальнасці, не гавораць з простымі салдатамі, размаўляюць у сваіх вузкіх колах, адзін аднаго накручваюць і падманваюць. Калі генералы расказваюць на тэлевізіі аб тым, што “мы будзем ваяваць разам з Расеяй”, гэтаму трэба верыць, яны так думаюць.

- Ці можна прымусіць беларусаў ваяваць?

- Складана сказаць. Ёсць жа і “ідэйныя часткі”, з якімі зараз папрацавалі тыя ж “вагнераўцы”. Калі мы ўявім, што нейкія брэсцкія ці віцебскія дэсантнікі з унутранымі войскамі заходзяць на тэрыторыю Літвы, а праз нейкі час туды кідаюць мабілізаваных, якіх гоняць загараджальныя атрады, то чаму не?

Многае залежыць ад адказу. Калі будзе сур'ёзны адказ NАТО, то ніякія загады і загараджальныя атрады не дапамогуць. Беларусы – не дурні, ніхто паміраць за нейкі “рускі свет” не захоча.

- Нядаўна польскі генерал Скшыпчак заявіў, што беларускае войска будзе разбітае за “дзве-тры гадзіны”, калі нападзе на Польшчу. Як вы ацэньваеце яго словы?

- Калі мы ўявім, што NАТО адказвае ўсёй сваёй моцай на патэнцыйны заход беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю Літвы ці Польшчы, будзе падключаная авіяцыя, цяжкая артылерыя, будзе магутны ракетны ўдар па вайсковых аб'ектах у Беларусі - даю беларускаму войску крыху больш, чым польскі генерал, але цягам 24 гадзін ад нашых войскаў мала што застанецца.

Калі ж NАТО будзе збірацца на розныя канферэнцыі, зацягваць з адказам, раіцца, думаць, наколькі важная ім Літва, тады могуць быць розныя варыянты.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках