3 траўня 2024, Пятніца, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенны эксперт: Расейскія войскі лезуць у пастку

6
Ваенны эксперт: Расейскія войскі лезуць у пастку
АЛЯКСАНДР МУСІЕНКА

І гэтую пастку трэба замкнуць.

Кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка ў эфіры Radio NV расказаў, што можа паўплываць на галасаванне ў Кангрэсе за вылучэнне дапамогі Украіне і як гэта адаб'ецца на фронце.

Ён назваў адну з прычынаў, чаму Кангрэс можа зацвердзіць дапамогу.

«Я думаю, што ўплывае проста разлік на тое, што расейскія войскі лезуць у пастку і гэтую пастку трэба закрыць. Гэта значыць, там ёсць вельмі рацыянальны разлік: Расея цяпер залазіць у пастку, таму што яны інтэнсіфікуюць наступ і вядуць яго бесперапынна і без паўзаў. І чаму б ім цяпер не зладзіць гэтую пастку, не закрыць гэтую пастку?» – адзначыў Мусіенка.

Акрамя таго, дадаў эксперт, ёсць яшчэ і палітычныя матывы ўнутры саміх Злучаных Штатаў:

«Цяпер рэспубліканцы пераварочваюць сітуацыю на сваю карысць і яны будуць артыкуляваць гэта як выратаванне Украіны, будуць гаварыць, што, бачыце, калі б не мы, то і ATACMSаў не было б і дапамогі не было. І, увогуле, рэспубліканцы заклікаюць прапанаваць план перамогі Украіны, цягам 45 дзён яго распрацаваць».

Мусіенка растлумачыў, што ў выпадку прыняцця кангрэсмэнамі станоўчай пастановы датычна Украіны, паводле аптымістычнага сцэнара ракеты і снарады мы зможам убачыць праз месяц-паўтара:

«Я думаю, што як толькі зброя пачне паступаць, адразу гэтая пастка і пачне захлопвацца. Галоўнае, каб своечасова гэтыя аб'ёмы паступалі. Вось гэта вельмі важны момант».

Ён таксама спрагназаваў, як у сувязі з гэтым можа развівацца сітуацыя на фронце ў найбліжэйшы час:

«Я думаю, што гэта будуць вельмі цяжкія і няпростыя тыдні, месяцы для Украіны, для ўкраінскіх сілаў абароны, у тым сэнсе, што трэба будзе адбіваць наступальныя дзеянні ворага і на Харкаў, і на ўсходзе, і, адпаведна, нам на гэта патрэбнае забеспячэнне. Але калі гэта атрымаецца, то ва Украіны з'явяцца магчымасці нават пераходзіць у лакальныя тактычныя контрнаступальныя дзеянні яшчэ сёлета».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках