У расейскім Кургане абвясцілі эвакуацыю праз пагрозу прарыву дамбы
7- 20.04.2024, 19:34
- 11,228
У некаторых месцах вада рэзка выходзіць з-пад зямлі.
Улады расейскага Кургана абвясцілі пра эвакуацыю жыхароў з дамоў, якія знаходзяцца каля дамбы ў раёне Кіраўскага моста, паведамляецца на сайце ўраду рэгіёну, звярнуў увагу сайт The Moscow Times.
«Увазе жыхароў дамоў, якія прылягаюць да дамбы ў раёне Кіраўскага моста! Узнікла пагроза падтаплення. Праводзіцца эвакуацыя», – гаворыцца ў паведамленні.
Улады заклікалі жыхароў забраць дзяцей, свойскіх жывёлаў, а таксама пажылых і маламабільных сваякоў.
Раней губернатар Курганскай вобласці Вадзім Шумкоў паведамляў, што ўзровень вады ў рацэ Табол перавысіў 10 метраў.
«Вада ў Кургане зноў пачала расці. Чыннікам, відавочна, з'яўляецца зваротны сцёк з поймы па ўсёй даўжыні вярхоўяў ракі. У некаторых месцах вада рэзка выходзіць з-пад зямлі з унутранага боку дамбы», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.