У войску ЗША зрабілі важнае ўдакладненне аб тэрмінах паставак зброі Украіне
2- 25.04.2024, 9:01
- 13,280
Да гэтага падрыхтаваліся загадзя.
Пастаўкі зброі ў рамках абвешчанага ў сераду, 24 красавіка, амерыканскім бокам пакета дапамогі Украіне будуць праходзіць хутка, бо ва УС ЗША загадзя падрыхтаваліся да аднаўлення перадачы зброі ўкраінскаму войску.
З такой заявай выступіў кіраўнік Камітэта начальнікаў штабоў амерыканскага войска Чарльз Браўн на фоне падпісання прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам законапраектаў аб дапамозе супольнікам, у тым ліку Украіне.
"Мы заўсёды стараемся быць гатовымі на выпадак прыняцця тых ці іншых пастаноў", - сказаў ён, каментуючы працэс планавання ў Пентагоне. Са слоў Браўна, у Мінабароны ЗША уважліва сачылі за гісторыяй з прыняццем пастаноў аб фінансаванні Украіны і рабілі неабходныя крокі, каб аператыўна даставіць ўзбраенне Кіеву пасля канчатковага зацвярджэння законапраекта.
"Мы ўжо ў многіх сферах рушылі наперад даволі далёка", - дадаў ён і адзначыў, што Вашынгтон забяспечыць Украіну сродкамі, прадугледжанымі гэтым пакетам дапамогі, як мага хутчэй.