6 траўня 2024, панядзелак, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея пачала выкарыстоўваць ва Украіне «сірыйскую тактыку»

13
Расея пачала выкарыстоўваць ва Украіне «сірыйскую тактыку»

ЗША ў АБСЕ раскрылі дэталі.

Расейскія войскі паўтараюць ва Украіне ўласную тактыку ў Сірыі, наносячы паўторныя авіяцыйныя і ракетныя ўдары па цывільных.

«Я хацеў бы засяродзіцца на імаверных паведамленнях аб тым, што расейскія вайскоўцы наносяць паўторныя ўдары ва Украіне па цывільным насельніцтве, у тым ліку па парамедыках і асобах, якія прыбываюць, каб дапамагчы ахвярам першага ўдару. Расейскі ўрад прытрымліваецца ўласнага прыкладу ў Сірыі, дзе ён учыніў дзясяткі такіх авіяўдараў, у выніку якіх загінулі цывільныя, супрацоўнікі экстранных службаў і гуманітарныя работнікі», - сказаў падчас пасяджэння Сталай рады АБСЕ часова павераны ў справах місіі ЗША пры АБСЕ Цімаці Ганвей, якога цытуе «Укрінфарм».

Са слоў дыпламата, у справаздачы Маскоўскага механізма АБСЕ 2022 года эксперты адзначылі «дакладныя заканамернасці парушэння міжнароднага гуманітарнага права расейскімі войскамі пры вядзенні баявых дзеянняў».

Асобна разглядаліся паўторныя атакі на цывільнае насельніцтва, напрыклад, удар «Калібрам» 1 сакавіка 2022 г. па плошчы Свабоды перад Харкаўскай АВА.

«Праз 5-7 хвілін пасля прыбыцця ратавальнікаў адбыўся другі ўдар аналагічнай ракетай, якая патрапіла ў будынак. Гэта азначае, што ратавальнікі і параненыя ў выніку першага нападу былі наўмысна абраныя мішэнню», - растлумачыў Ганвей.

Як ён дадаў, з таго часу з'явіліся довады таго, што краіна-агрэсарка забіла больш за 90 медыцынскіх работнікаў, паліцыянтаў і пажарных і параніла амаль 350 цывільных асоб па ўсёй Украіне, выкарыстоўваючы гэтую тактыку.

«Выклікае турботу той факт, што Расея ўсё часцей выкарыстоўвае гэты тып нападаў. Управа ААНу каардынацыі гуманітарных спраў заявіла, што цягам апошніх тыдняў назіраецца «асабліва трывожная сітуацыя» такіх удараў. Толькі ў сакавіку і красавіку ў выніку паўторных нападаў Расеі, накіраваных супраць тых, хто першымі рэагуе на надзвычайныя сітуацыі, загінулі амаль 30 ратавальнікаў у Адэсе, Харкаве і Запарожжы, а больш за 20 атрымалі раненні», - абурыўся дыпламат.

Ганвей падкрэсліў, што парушэнні міжнароднага гуманітарнага права акупантамі не павінны заставацца беспакаранымі, і гэтая кампанія РФ супраць цывільнага насельніцтва Украіны павінна быць спыненая.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках