У Тбілісі пратэстоўцы зладзілі марш да будынка парламента
3- 28.04.2024, 21:40
- 3,440
Грузіны пратэстуюць супраць закона аб іншаагентах.
У Тбілісі праходзіць чарговы мітынг супраць закона аб замежных агентах, пратэстоўцы зладзілі марш да будынка парламента, паведамляе тэлеканал Rustavi 2.
Шэсце пачалося на плошчы Першай Рэспублікі. Удзельнікі акцыі пратэсту плануюць абысці будынак парламента і заключыць яго ў жывы ланцуг.
У сувязі з мітынгам перакрыты праспект Руставелі, на якім размяшчаецца будынак парламента, у раёне мабілізаваная паліцыя. Паводле звестак Mtavari, паліцыянты ахоўваюць будынак парламента звонку і знутры, у двары, ва ўзмоцненым рэжыме.
17 красавіка парламент Грузіі ўхваліў законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» ў першым чытанні. Пасля гэтага ў краіне пачаліся масавыя пратэсты.
У адзін з дзён пратэстоўцы ў сталіцы прайшлі ад будынка парламента да прэзідэнцкага палаца і перакрылі плошчу Свабоды. Да акцыі таксама далучыўся жаночы марш.
Апазіцыйныя грузінскія дэпутаты называюць законапраект «расейскім», параўноўваючы яго з дзейным у Расеі заканадаўствам.
Прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі паабяцала накласці вета на закон у выпадку яго прыняцця.