The Insider: Сям'я супрацоўнікаў ГРУ РФ учыняла выбухі ў Еўропе
10- 29.04.2024, 18:30
- 26,000
Расследаванне.
Каардынатарам серыі выбухаў і атручэнняў у Еўропе, арганізаваных расейскай вайсковай выведкай, была сямейная пара шпіёнаў-нелегалаў. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні The Insider.
У публікацыі зазначаецца, што Мікалай і Алена Шапашнікавы жылі ў Чэхіі пад выглядам палітычных эмігрантаў. Прытулак яны атрымалі ў пачатку 1990-х, змяніўшы некалькі лагераў бежанцаў. Сям'я падала заяву на чэшскае грамадзянства. Пры гэтым Шапашнікаў схаваў службу ў Афганістане, а Шапашнікава казала, што пры атрыманні статусу бежанца здала свой украінскі пашпарт, хаця працягвала выкарыстоўваць яго для паездак у Раею і Украіну.
У пачатку 2000-х гадоў Шапашнікаў падзяліўся сваімі ведамі ў галіне савецкай зброі з Пятром Бернацікам, інжынерам па адукацыі. Бернацік служыў тайным інфарматарам у аддзеле контрвыведкі, які падтрымліваў цесныя сувязі з савецкімі ўзброенымі сіламі, гаворыцца ў расследаванні.
Найбуйнейшым бізнэсам Бернаціка па гандлі зброяй была група Imex, значная частка кліентаў якой знаходзілася ў тых рэгіёнах свету, дзе ўсё яшчэ выкарыстоўвалася зброя савецкіх часоў і патрабаваліся адпаведныя боепрыпасы. Шапашнікаў працаваў там мэнэджарам па развіццю бізнэсу.
Алена Шапашнікава афіцыйна вяла свой бізнэс. Але, як сцвярджаецца ў расследаванні, яна была ўцягнутая ў працу Imex і кіравала дзеяннямі свайго мужа ў наўпроставай каардынацыі з кіраўніком вайсковай часткі 29155 ГРУ генералам Андрэем Авяр'янавым.
Нягледзячы на даход прыкладна 650 даляраў за месяц, набыла нерухомасць у Чэхіі і вілу ў Грэцыі. Нерухомасць выкарыстоўвалася ГРУ як явачная кватэра, сцвярджаюць расследавальнікі.
Паводле інфармацыі The Insider, Шапашнікавы збіралі для выведнікаў інфармацыю, а таксама дапамагалі ў арганізацыях выбухаў на складах боепрыпасаў у Чэхіі і Балгарыі. Акрамя таго, расследавальнікі мяркуюць, што пара датычная да атручвання балгарскага гандляра зброяй Емяльяна Гебрэва.
Шапашнікавымі, як сцвярджаецца ў матэрыяле, нядаўна зацікавіліся чэшскія следчыя. Пасля гэтага Мікалай Шапашнікаў стаў злоўжываць алкаголем, грэбаваў лекамі і памёр у лютым ад сардэчнага прыступу. Алена Шапашнікава пражывае ў Грэцыі і заяўляе, што яе пераследуюць «праз расейскія карані». Запыт на экстрадыцыю ў Чэхію Прага пакуль не падавала.