У Нью-Ёрку адбыўся найбуйнейшы за 40 гадоў землятрус
8- 5.04.2024, 19:51
- 16,960
Магнітудай 4,8.
Штуршкі ад землятрусу магнітудай 4,8, які адбыўся раніцай у пятніцу на ўсходнім узбярэжжы ЗША, адчуваліся ў Нью-Ёрку і яго наваколлях, паведамляе ВВС.
Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся недалёка ад Лебанона, штат Нью-Джэрсі, прыкладна за 64 км на захад ад Нью-Ёрка.
Маштабы шкоды, прычыненай Нью-Ёрку і прылеглым раёнам, не ўдакладняюцца, цяпер пажарная служба горада ацэньвае наступствы.
Землятрусы на ўсходнім узбярэжжы Амерыкі здараюцца рэдка, і гэта самы магутны з тых, што адбыліся ў Нью-Ёрку за апошнія дзесяцігоддзі.
Карыстальнікі сацсетак паведамляюць, што землятрус адчуваўся ад Філадэльфіі да Нью-Ёрка і на ўсход уздоўж узбярэжжа, да Бостана.
Летась 6 лютага ў Бафала (штат Нью-Ёрк) адбыўся землятрус магнітудай 3,8, але землятрусаў такога маштабу, як цяперашні, у гэтым раёне не было ўжо 40 гадоў.
У 1983 годзе землятрус магнітудай 5,1 адбыўся ў Ньюкомбе на поўначы штата Нью-Ёрк.
Мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс сказаў, што паведамленняў аб сур'ёзных наступствах сённяшняга землятрусу пакуль няма.
«Хоць на дадзены момант у нас няма паведамленняў аб сур'ёзных наступствах, мы ўсё яшчэ ацэньваем іх», – напісаў ён у сацсетцы X, пазней удакладніўшы, што жыхары Нью-Ёрка ў бяспецы і могуць працягваць займацца сваімі звычайнымі справамі.
«Супрацоўнікі службаў хуткага рэагавання працуюць над тым, каб горад быў у бяспецы», - сказаў ён.
Некалькі аэрапортаў Нью-Ёрка прыпынілі працу праз землятрус.
У Міжнародным аэрапорце імя Джона Кэнэдзі і аэрапорце Ньюарк у Нью-Джэрсі прыпыненыя палёты.
Затрымкі назіраюцца і ў нью-ёркскім аэрапорце Ла-Гуардыя.
Губернатарка штата Нью-Ёрк Кэці Хачул падкрэсліла сур'ёзнасць сённяшняга землятрусу, але адзначыла, што «небяспечных для жыцця сітуацый» пакуль не выяўлена, а яе каманда займаецца праверкай інфраструктуры штата.