Пад Гародняй маршрутка з пасажырамі рэзнулася ў трактар
19- 6.04.2024, 15:37
- 7,264
Пацярпелі 10 чалавек.
Раніцай 6 красавіка ў Мастоўскім раёне здарылася аварыя - маршрутка "Берасце - Гародня", поўная пасажыраў, сутыкнулася з трактарам, ёсць пацярпелыя, у тым ліку дзеці, паведамляе прэс-служба Гарадзенскага аблвыканкама.
ДТЗ здарылася а 9.30 на трасе Р-44 паміж Лунна і Свіслаччу. За стырном маршрутнага мікрааўтобуса Mercedes быў 41-гадовы кіроўца. На неабазначаным скрыжаванні ля павароту на вёску Жылічы ён пайшоў на абгон трактара МТЗ з цыстэрнай.
Аднак трактар якраз у гэты момант пачаў паварот налева. Адбылося сутыкненне, маршрутка ўпала на левы бок.
У салоне, акрамя кіроўцы, было 19 пасажыраў. З іх пацярпелі дзесяць, у тым ліку двое падлеткаў. Дзевяць чалавек з рознымі траўмамі даставілі ў бальніцы Гародні, ва ўсіх стан стабільны, пагрозы жыццю няма.
Паводле папярэдняй інфармацыі, рамянямі бяспекі ніхто з пасажыраў не карыстаўся.
На месцы ДТЗ працуе міліцыя, спецыялісты Следчага камітэта і экспэрты, будзе распачатая крымінальная справа.