Стала вядома, калі ва ўкраінскім небе з'явяцца першыя F-16
14- 10.05.2024, 19:48
- 18,370
Украінскія пілоты гатовыя да выканання баявых задач.
Першыя заходнія знішчальнікі F-16 прыбудуць ва Украіну цягам некалькіх тыдняў, паведаміў The Standard са спасылкай на высокапастаўленую вайсковую крыніцу.
Са слоў суразмоўцы выдання, самалёты павінны паступіць прыблізна ў чэрвені-ліпені. Пры гэтым крыніца не паведаміла, хто менавіта будзе пастаўляць самалёты.
Нагадаем, што ў жніўні 2023 года Нідэрланды і Данія паабяцалі супольна перадаць Украіне 61 амерыканскі знішчальнік F-16. Гэтаму папярэднічаў дазвол на перадачу ад ЗША.
Акрамя таго, намер паставіць F-16 пацвердзіла Нарвегія. Бельгія таксама перадасць Украіне F-16.
У снежні Нідэрланды заявілі аб пачатку падрыхтоўкі да перадачы Украіне першых 18 самалётаў, а пасля павялічылі гэтую колькасць да 24. Агулам краіна паабяцала Кіеву 42 знішчальнікі.
Прыблізнымі тэрмінамі перадачы знішчальнікаў Украіне называлі першую палову 2024 года.
Падрыхтоўка некаторых груп пілотаў з Украіны знаходзіцца на апошняй стадыі, расказвалі ў Паветраных сілах УСУ ў красавіку.