17 траўня 2024, Пятніца, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астап Бэндар адпачывае

38
Астап Бэндар адпачывае

Кіраўнік Акадэміі навук з нуля вынаходзіць «унікальную пароду чырвонай жывёлы».

Аднойчы, калі нашчадкі будуць вывучаць будову наменклатуры ў лукашэнкаўскай Беларусі, пры азнаямленні з біяграфіяй кіраўніка Акадэміі навук Уладзіміра Гусакова ў іх мімаволі вырвецца пытанне: «Як?!» Як яму столькі гадоў атрымлівалася тлуміць галаву Аляксандру Лукашэнку і ўсім вакол?

Гусакоў у крэсле старшыні Акадэміі навук ужо амаль 11 гадоў. Чаго ён толькі не абяцаў за гэты час. Стварыць беларускі электрамабіль. Стварыць беларускі суперкампутар. Стварыць беларускую вакцыну ад каранавіруса…

Пасля ўсіх гэтых абяцанняў кіраўніка Акадэміі навук не толькі не звальняюць з ганьбай, але і дзякуюць у той ці іншай форме. Лукашэнка, зачараваны прамовамі Гусакова, ставіць навукоўца іншым у прыклад і ўвесь час спасылаецца на яго словы пры камунікацыі з іншымі чыноўнікамі.

Чарговы «майстар-клас» па тым, як дабіцца поспеху ў выбудаванай Лукашэнкам сістэме ўлады, Гусакоў падаў зусім нядаўна. Правадыр надумаў узнагародзіць «арганізатараў» палёту «першай беларускай касманаўткі ў суверэннай гісторыі» Марыны Васілеўскай, і сярод іх раптоўна апынуўся Гусакоў, які атрымаў Ордэн Пашаны.

Пра Васілеўскую напісана ўжо нямала - так, адкрытая турыстка, але яна хаця б у космас лётала. Але ж Гусакоў тут пры чым? Увесь палёт ад пачатку да канца быў арганізаваны расейскімі спецыялістамі.

Беларускі навуковец Сяргей Бесараб, каментуючы «Зеркалу» дзеянні Васілеўскай на арбіце, адзначыў, што «з пункту гледжання навуковай важнасці гэты палёт разглядаць смяхотна».

Невядома што Гусакоў наплёў кіраўніцтву краіны, але ён зараз з Ордэнам Пашаны і выдае штукі далей. Напрыклад, 16 красавіка на нарадзе ў Лукашэнкі па "развіццю вёскі і падвышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны" кіраўнік Акадэміі навук прылюдна выступіў з новым грандыёзным абяцаннем.

- Распрацаваны план стварэння пароды, навукоўцы працуюць згодна з планам, і ў прынцыпе, я думаю, што мы ў адведзены час укладзёмся. У нас будзе свая, беларуская ўнікальная парода чырвонай жывёлы з унікальнымі характарыстыкамі малака і ў тлустасці, і ў бялку. Акрамя таго, малако А2 пазбаўлена алергенных наступстваў, - сказаў Гусакоў.

Яшчэ раз: «свая беларуская ўнікальная парода чырвонай жывёлы з унікальнымі характарыстыкамі малака»…

Даўно відавочна, што кіраўнік Акадэміі навук здолеў знайсці ключык да сэрца і розуму Лукашэнкі. Пакуль іншыя чыноўнікі б'юцца над сакрэтам, пазбаўляючыся пасад, рэшткаў рэпутацыі, а то і свабоды, кіраўнік Акадэміі навук стварыў кар'еру на адных бессаромных абяцаннях.

Няхай іншыя круцяць пальцам ля скроні, няхай гады праходзяць, а вынікаў як не было, так і няма, але метад Гусакова працуе. Навуковец-аграрнік кажа менавіта тое, што хоча чуць Лукашэнку.

Кіраўнік Акадэміі навук творыць гісторыю. Які там Астап Бэндар з яго Нью-Васюкамі і Рыа-дэ-Жанэйра, калі тут Гусакоў з нуля вынаходзіць найлепшыя ў свеце электракар, суперкампутар, вакцыну ад каранавіруса і чырвоную пароду жывёлы.

Марк Дзюба, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках