17 траўня 2024, Пятніца, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Замест росту коштаў у нас пачнуць банкрутаваць банкі і заводы»

5
«Замест росту коштаў у нас пачнуць банкрутаваць банкі і заводы»
Фота: bymedia

Пра крызіс, які чакае Беларусь.

Падрабязнасці пра сумнае ў Беларусі ад нас хаваюць, каб лішні раз не адцягваць ад эканамічных поспехаў, піша Telegram-канал "Лісты да дачкі". Але эканамічныя поспехі зайшлі ўжо так далёка, што не абавязкова ведаць усе дробныя дэталі, каб заўважыць, што беларуская эканоміка збочвае на траекторыю альтэрнатыўнага росквіту.

Вось Белстат паведаміў пра дасягненні беларускага экспарту за тры месяцы гэтага года. І гэтыя дасягненні такія, што нават Белстату было, мусіць, ніякавата імі выхваляцца. Таму што за тры месяцы беларускі экспарт вырас на адзін цэлых і пяць сотых адсотка.

А калі палічыць у сакавіку асобна, то беларускі экспарт за сакавік не вырас, а знізіўся на 1,5 адсотка. І гэта значыць, што беларускі экспарт страціў інерцыю разгону, якую ён набраў летась.

Таму што на расейскім рынку беларускі экспарт крыўдзяць канкурэнты, якія нічога не ведаюць пра ўнікальную беларускую якасць. А да рынкаў далёкай дугі беларускаму экспарту цяжка дастаць, бо ў беларускага экспарту ў арганізме не стае расейскіх чыгунак. Ну вось проста няма дзе беларускі экспарт вазіць.

І атрымліваецца, што магчымасці беларускага экспарту не супадаюць з жаданнямі беларускага ўрада. Таму што беларускі ўрад мае жаданне эканамічнага росту, а беларускі экспарт не мае для гэтага ніякіх магчымасцяў.

Каб выканаць планы ўрада, экспарту за год трэба вырасці на сем з паловай адсоткаў. А не ўпасці на паўтара.

Але ж ад сваіх планаў беларускі ўрад адмаўляцца не збіраецца. Ён можа і хацеў бы, але хто ж яму дазволіць. Гэта значыць вытворчасць павінна вырабляць у адпаведнасці з даведзенымі да яе мэтавымі паказчыкамі. Нават калі яна робіць лішняе.

І вось калі ты не можаш прадаць лішняе на замежных рынках, то табе даводзіцца разлічваць на ўнутраны. (Можна яшчэ, вядома, вырабляць і нікому не прадаваць, але гэта не варыянт, таму што склады не гумовыя).

А каб унутраны рынак мог дазволіць сабе лішнія тавары, ва ўнутранага рынку павінны быць лішнія грошы. І вось гэтым беларускі ўрад зараз і займаецца. Забяспечвае ўнутраны рынак таннымі лішнімі грашыма. Гэта значыць, культурна кажучы, стымулюе унутраны попыт.

За тры месяцы гэтага года беларускія кампаніі ўзялі крэдытаў на 35 адсоткаў больш, чым год таму. А год таму яны таксама не саромеліся браць крэдыты. І беларускія грамадзяне не адставалі. Беларускія грамадзяне ўзялі крэдытаў за гэтыя тры месяцы на 30 адсоткаў больш, чым летась.

У нармальных жыццёвых абставінах лішнія грошы маглі б проста прастымуляваць кошты. Інфляцыя вырасла б, і ў эканоміцы аднавіўся нармальны цэнавы баланс. Але беларускім уладам эканамічныя законы не пісаныя. Таму, падвышаць кошты яны забаранілі. Таму інфляцыя для беларускай эканомікі - не выйсце.

Беларускія кампаніі павінны больш вырабляць, больш плаціць працоўным, а кошты падвышаць не павінны. І улічваючы, што ў краіне не да эканамічных законаў, гэта будзе працягвацца пакуль спачатку ў кампаній, а потым у банкаў, не скончацца грошы. І гэтыя грошы, напраўду ўжо паціху заканчваюцца.

За першы месяц гэтага года прыбытак беларускіх кампаній упаў на траціну. А іх чыстая страта вырасла на 75 адсоткаў. Гэта пры тым, што спажывецкі попыт у краіне вырас на 14 адсоткаў. То бок, беларускія кампаніі выраблялі больш, прадавалі больш, а грошай зараблялі менш.

Таму крызіс 2011 года ў нас хутчэй за ўсё не паўторыцца. На гэты раз у нас будзе новы, унікальны крызіс. Такі, якога ўжо даўно не было.

Вось калі ўлады своечасова не дазволяць коштам расці так, як ім хочацца, то замест росту коштаў у нас пачнуць банкрутаваць банкі і заводы. А кошты ўсё адно вырастуць. Толькі потым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках