СМІ: Ва Украіне HIMARS ліквідавалі сына расейскага генерала Лапіна
18- 7.05.2024, 7:43
- 31,292
Ён кіраваў групоўкай войскаў «Цэнтр», якая спрабавала наступаць на Кіеў.
На вайне ва Украіне маглі ліквідаваць сына расейскага военачальніка Аляксандра Лапіна.
Адпаведнае паведамленне з'явілася ў расейскай групе «Новости Волгоград».
«Прыйшлі трагічныя весткі з фронту. У зоне правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі гераічна загінуў наш зямляк Лапін Дзяніс Аляксандравіч», - гаворыцца ў допісе.
Указваецца, што 3 траўня па камандным пункце, у якім знаходзіўся Лапін, нанеслі ўдар з рэактыўнай сістэмы залпавага агню HIMARS.
«Дзяніс нарадзіўся 23 студзеня 1986 года ў Валгаградзе. У 2019 годзе скончыў Агульнавайсковую акадэмію УС РФ», - дадалі «Навіны Валгаград».
Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміў таксама афіцэр Узброеных сіл Украіны Анатоль Штэфан «Шцірліц». Анатоль Штэфан асобна дадаў, што памерлы баец УС РФ можа з'яўляцца сынам генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна, аднак гэтая інфармацыя патрабуе дадатковага ўдакладнення.
Аляксандр Лапін кіраваў групоўкай расейскіх войскаў «Цэнтр», якая спрабавала захапіць тэрыторыі Чарнігаўскай, Сумскай і Кіеўскай абласцей.
Летам стала вядома, што Лапін узнагародзіў медалём Жукава ўласнага сына Дзяніса, які кіраваў наступам на Сумы і Чарнігаў.