У Менску 52-гадовая безбілетніца збіла кантралёра
24- 8.05.2024, 14:39
- 10,302
Чым гэта скончылася для яе?
У Менску судзілі 52-гадовую жанчыну, якая дала адпор кантралёру грамадскага транспарту.
У той дзень у аўтобусе ў яе не быў аплачаны праезд, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
Кантралёры папрасілі мянчанку выйсці на найбліжэйшым прыпынку. Яна так і зрабіла, але паведаміць свае звесткі для афармлення пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні адмовілася.
Затым жанчына паспрабавала ўцячы, але працаўніца "Мінсктранса" стала ўтрымліваць яе за ручку торбы: трэба было дачакацца прыезду супрацоўнікаў міліцыі.
У спробе вызваліцца зламысніца пхнула яе некалькі разоў у плечы, а пасля збіралася ўцячы. Але кантралёры не планавалі адпускаць парушальніцу, ды і яе супрацьпраўныя дзеянні знялі відэарэгістратары.
На мянчанку пачалі крымінальную справу. Жанчына, якая працуе загадчыцай крамы і раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, поўнасцю прызнала віну і раскаялася ў зробленым.
Ёй прызначанае пакаранне ў выглядзе года папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 25% з заробку на асноўным месцы працы. Таксама абвінавачаная павінна выплаціць пацярпелай 300 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.