Якубовіч назваў антысеміцкія заявы Лукашэнкі «несур'ёзнымі»
9- 31.10.2007, 13:46
Ізраільскі бок лічыць беларуска-ізраільскі інцыдэнт вакол выказванняў Аляксандра Лукашэнкі вычарпаным. Пра гэта падчас сустрэчы з рэдактарам «Советской Белоруссии» Паўлам Якубовічам заявіў намеснік кіраўніка аддзела па Цэнтральнай Еўропе і Еўразіі МЗС Ізраіля Пініі Авіві, піша ізраільскае выданне «Haaretz».
Павел Якубовіч прыбыў у Ізраіль у якасці паўнамоцнага прадстаўніка беларускага прэзідэнта з тым, каб «данесці сапраўднае добрае стаўленне прэзідэнта Беларусі да габрэйскага народа».
У рамках запланаванай сустрэчы 30 кастрычніка ў знешнепалітычным ведамстве Ізраіля прадстаўнік прэзідэнта Беларусі заявіў пра тое, што словы беларускага кіраўніка варта б было разглядаць як «жартаўлівыя, несур'ёзныя», «якія не адлюстроўваюць сапраўднай пазіцыі ў дачыненні габрэяў». На думку Паўла Якубовіча, заяву Лукашэнкі «можна расцэньваць як заўгодна, але не як антысеміцкую». Ён таксама распавёў, што беларускі кіраўнік «быў абражаны такімі абвінавачваннямі».
Пасля Павел Якубовіч і амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня сустрэліся з старшынёй парламенцкай камісіі па звароце грамадзян Софай Ландвер. Як паведамляе MIGnews.com са спасылкай на Софу Ландвер, сустрэча была ініцыяваная беларускім амбасадарам і насіла «тлумачальны характар у сувязі з нядаўнім скандальным выказваннем прэзідэнта Беларусі». «Габрэйскі народ памятае за ўсю сваю шматвяковую гісторыю нямала нанесеных яму крыўдаў. І таму сёння, у XXI стагоддзі, хацелася б, каб такога чыну інцыдэнтаў было як мага менш. Стасункі паміж Ізраілем і Беларуссю заўсёды грунтаваліся на прынцыпах самапавагі, і варта іх толькі ўмацоўваць, а не падвяргаць сумненню!» – заявіла Софа Ландвер.
Нагадаем, што 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ ў Менску Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расейцаў, беларусаў. Такі горад быў… Ну ёсць дзе жыць – і добра. Драўляныя домікі нядрэнна, цагляныя – таксама. Брукаваная вуліца – добра, не – ну і няхай. Такі ён быў горад. Мы яго прывялі ў парадак і ізраільскім габрэям кажам – хлопцы, вяртайцеся назад. Я ім сказаў – з грашыма вяртайцеся».
Пасля заявы была крытыка з боку габрэйскіх арганізацый, а таксама МЗС Ізраіля.