Размеркаванне як рабства
1- 2.11.2007, 11:08
Беларусы – ганарлівая нацыя. І вясёлая. Мы ганарымся тым, чаго ў іншых краінах саромеюцца, і смяемся над тым, над чым іншыя плачуць. Толькі мы адны дагэтуль параўноўваем свае дасягненні з дасягненнямі памерлага СССР і лічым узорам клопату аб чалавеку забеспячэнне яго хлебам і гледзішчамі.
У апошнім нумары газеты «Народная воля» з'явіўся матэрыял пра размеркаваную пасля заканчэння тэхнікума маладую спецыялістку. За месяц працы на фабрыцы яна атрымала ўсяго 17 тыс. рублёў. Дырэктарка дзяржпрадпрыемства сказала, што гэта правільна, бо спецыялістка маладая, не можа ў поўную сілу працаваць і таму атрымлівае ў тры разы ўрэзаную стаўку. Увогуле, праз тры месяцы выпускніца тэхнікума будзе атрымліваць па 51 тыс. рублёў, магчыма, ёй яшчэ дадуць нейкую прэмію, і тады месячны заробак паднімецца да 100 тыс. рублёў. На хлеб хопіць, а гледзішча забяспечаць штатныя ідэолагі, паведамляе «Ежедневник».
Увогуле ж сістэма размеркавання ў Беларусі ўсё больш і больш нагадвае звычайнае рабства. Бо размеркаванне адбываецца па заяўках дзяржпрадпрыемстваў, дзе адчуваецца недахоп спецыялістаў. А праблемы з кадрамі маюць як раз там, дзе зарплата ніжэй за разумную мяжу.
Літаральна некалькі дзён таму тэлефанавалі дырэктару аднаго завода. Кіраўнік настолькі прасяк духам прымусовай працы, што нават паскардзіўся, што не можа плаціць маладым спецыялістам ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму – закон не дазваляе. “А навошта ім увогуле плаціць, калі ўсё роўна будуць працаваць – нікуды не дзенуцца ад размеркавання”, – з гонарам за сваё “рабскае” ноў-хаў сказаў ён.
Вось ужо насамрэч, голая праўда – падстава для адмысловага гонару беларусаў. Калі так далей пойдзе, то хутка і на хлеб маладым спецыялістам на застанецца. Але каму сёння лёгка? Дырэктару завода цяпер вось давядзецца да дырэктара фабрыкі ехаць. Досведам абменьвацца, як маладым спецыялістам плаціць ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму.
А што цяпер рабіць беларускім ідэолагам, якім Лукашэнка загадаў скараціць колькасць відовішчных мерапрыемстваў – усякіх там фэстаў накшталт рэспубліканскіх, абласных і нават раённых «дажынкаў». Ужо дужа шмат іх у краіне стала, сказаў кіраўнік дзяржавы. І ён мае рацыю, тысячу разоў мае рацыю. Навошта ладзіць усякія гледзішчы, калі іх і без таго вакол дастаткова.
Вось атамную станцыю ў рэжыме паскоранай перамоткі будаваць будзем, паралельна – дзелавы цэнтр сталіцы «Менск-Сіці». Менскі авіярамонтны завод зноў жа ў Нацыянальны аэрапорт пераносім і нават маем амбіцыйныя планы рамантаваць там «Боінгі» і іншыя самалёты вядомых марак.
У гэтым звязку згадваецца выпадак, які адбыўся ў Нацыянальным аэрапорце некалькі год таму. Працаўнік аэрапорта здзяйсняў пагрузку грузаў на самалёт кампаніі “Люфтганза”. На аўтапагрузчыку. Ліха так грузіў і… не разлічыў – ткнуў у борт высоўнымі пальцамі пагрузчыка. Атрымаліся дзве дзіркі.
– Ай-ай, ой-ой! – забожкалі немцы. – Was zu machen? – у сэнсе «Што будзем цяпер рабіць?».
Нашы тут жа прыняліся адчувальных немцаў супакойваць: маўляў, што за дзіва – борт прадзіравілі.
– Зараз хутка залатаем.
І давай тэлефанаваць спецыялістам авіярамонтнага завода. Але немцы такога жарту не зразумелі і перапалохаліся яшчэ больш.
– Nein! Nein! Nicht Schieen! – крычаць. Думаюць: «Калі грузчыкі ў іх самалёты дзіравяць, што ж зробяць спецыялісты завода?»
Увогуле, немцы ўпадабалі не звязвацца з беларускімі спецыялістамі і прывезці сюды сваіх, правераных. Дарма яны так, таму што партызан у Беларусі ўжо даўно няма, а лапіць барты самалётаў мы насамрэч можам, прычым даволі якасна. Але што дзіўна, над гэтым выпадкам у Нацыянальным аэрапорце смяюцца дагэтуль, хоць смешнага нічога і няма.
Па папулярнасці з гэтым сюжэтам можа канкураваць толькі наладжаная ў Нацыянальным аэрапорце грандыёзная п'янка. Гуляла, адпаведна, кіраўніцтва. Ды так ліха, што пачало прыставаць да сваёй супрацоўніцы. Ды так настойліва, што жанчына расцаніла гэта як спробу згвалтавання. Групавога. І напісала куды варта. Дайшло да Дзяржкамавіа і Адміністрацыі прэзідэнта. Разгляд быў вельмі сур'ёзны, але вось што было далей, гісторыя замоўчвае. Але, пэўна, менавіта такія відовішчныя мерапрыемствы меў на ўвазе кіраўнік дзяржавы, калі загадаў міністру культуры паменшыць іх колькасць.