13 снежня 2025, Субота, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: «Я не праводжу генацыд беларускага народа»

3

Аляксандр Лукашэнка лічыць будаўніцтва ў Беларусі АЭС непазбежным. Пра гэта ён заявіў сёння, выступаючы на I з'ездзе навукоўцаў. "Пытання будаваць ці не будаваць ужо не стаіць. Рашэнне прынятае. Сёння справа за выбарам пляцоўкі і кампаній па будаўніцтве атамнай станцыі", – сказаў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта навукоўцы як спецыялісты павінны даказваць людзям неабходнасць для краіны такога будаўніцтва. "А вы ўсё звальваеце на адпаведнага чалавека. Некаторыя дактары навук публікуюць у апазіцыйнай прэсе маніфесты пра тое, што кіраўніцтва і прэзідэнт нібыта праводзяць палітыку "генацыду беларускага народа". І гэта пры тых выдатках, якія нясе дзяржава па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі! Хіба гэта навукоўцы?" – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Нараўне з будаўніцтвам АЭС Лукашэнка важную ролю адводзіць выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі і мясцовых рэсурсаў, за кошт якіх неабходна атрымоўваць не менш за 25% энергіі. У Беларусі толькі выведаныя эксплуатацыйныя запасы нафты складаюць 63 млн.т, бурага вуголля – 99 млн.т, гаручых сланцаў – больш як 1 млрд.т. Аднак гэтая сыравіна нізкай якасці, якую традыцыйнымі спосабамі не спажыць. "Нам трэба ведаць, якія тэхналогіі найбольш эканамічныя ў выкарыстанні гэтай сыравіны. Калі недастаткова вядомых, прапаноўвайце свае. Вось дзе поле дзейнасці для навукоўцаў, і вы ніколі не скажаце, што гэта не будзе запатрабаванае", – адзначыў беларускі кіраўнік.

Па словах Лукашэнкі, недастаткова і распрацовак па выкарыстанні геатэрмальнай энергіі. У гэтым пытанні, лічыць прэзідэнт, неабходна звярнуцца да досведу кітайскіх спецыялістаў, якія навучыліся ацяпляць жыллё з дапамогай артэзіянскай вады. У Беларусі ў асобных месцах тэмпература падземных вод дасягае практычна 100 градусаў па Цэльсіі. "Але мы дагэтуль яе не выкарыстоўваем. Чаму?" – задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што нельга канцэнтравацца выключна на торфараспрацоўцы і выкарыстанні драўніны. "Мы павінны памятаць пра будучыя пакаленні і пакінуць ім не выпаленую і спустошаную зямлю, а краіну з чыстай і выдатнай прыродай", – сказаў кіраўнік дзяржавы. Торф, на думку прэзідэнта, можа выкарыстоўвацца больш выгодна ў тэхналогіях глыбокай перапрацоўкі, у прыватнасці, для сінтэзу шматлікіх карысных злучэнняў.

"Увогуле, і ўраду, і навукоўцам скажу так: дастаткова агульных разваг. Дырэктыва №3 падпісаная, Канцэпцыя энергабяспекі зацверджаная. Дзейнічайце!" – рэзюмаваў Лукашэнка. Ён таксама даручыў ураду прадставіць Праграму па развіцці энергакомплекса.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках