Злёт камуністаў з усяго свету будзе сакрэтным
- 2.11.2007, 16:08
Артадаксальныя камуністы чарговым разам праяўляюць партыйную пільнасць. На ініцыяваны пралукашэнкаўскай Камуністычнай партыяй Беларусі з'езд камуністычных партый свету арганізатары адмаўляюцца пускаць прадстаўнікоў незалежных СМІ.
Увогуле парадак акрэдытацыі журналістаў на гэты «левы форум» вельмі заблытаны. Займаецца гэтым чамусьці прэс-служба «палаты прадстаўнікоў». Аднак самі супрацоўнікі прэс-службы сцвярджаюць, што выконваюць толькі «тэхнічную працу», а дзеліць журналістаў на «чэсных» і «нячэсных» ужо кіраўніцтва КПБ (камуністы, якія «за» Лукашэнку) і асабіста першы сакратар партыі Таццяна Голубева. Так за бортам гэтага незразумелага па сэнсе сваім мерапрыемства ўжо засталіся інфармагенцтва БелаПАН і радыё «Свабода». Прычыны такога незразумелага рашэння не тлумачацца, паведамляе «Белорусский партизан».
Аналагічная сітуацыя была і падчас правядзення ў Менску год таму Усеславянскага з'езду. Але тады, хоць журналістам тлумачылі, чым яны правініліся перад арганізатарамі. Так званы «праваабаронца» Яўген Новікаў, які займаўся акрэдытацыяй, казаў карэспандэнтам незалежных выданняў адну і тую ж фразу: «А мы не лічым вашае выданне сродкам масавай інфармацыі!»
Што ж гэтым разам хаваюць ад грамадскасці пралукашэнкаўскія камуністы?
Нагадаем, што Міжнародная сустрэча камуністычных і працоўных партый, прысвечаная 90-ай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі пройдзе ў Менску 3-5 лістапада. Мяркуюць, што на ёй сярод іншых будуць прысутнічаць лідэры кампартый Расеі і Украіны Генадзь Зюганаў і Пётр Сіманенка.