Дэмакраты прыйшлі да Трактарнага завода, які спыняецца 3 лістапада
2- 2.11.2007, 16:14
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, яго намеснік Ігар Шынкарык, адзін з лідэраў «Маладых дэмакратаў» Алег Корбан і іх калегі выйшлі сёння пасля шасці раніцы на прахадную Менскага трактарнага завода. За няпоўную гадзіну былі раздадзеныя больш за тры тысячы носьбітаў інфармацыі.
Улёткі з інфармацыяй пра Сацыяльны Марш, газеты «Глоток воздуха», «Свободу Беларуси» разышліся імгненна.
Нагадаем, што Менскі трактарны завод спыняе працу ў лістападзе на тыдзень. Пра гэта паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. На заводзе вывесілі загад пра тое, што прадпрыемства не будзе працаваць ад 3 да 11 лістапада. Адначасова з гэтым працаўнікам МТЗ дагэтуль не выплацілі цалкам зарплату за верасень. Супрацоўнікам прадпрыемства паведамілі, што за перыяд прастою яны таксама не атрымаюць грошай – проста будуць адпрацоўваць непрацоўныя дні па суботах.
«Сапраўды, на заводзе ёсць праблемы з выплатай зарплаты. І з гэтай прычыны спыняецца канвеер. Працоўным абвясцілі, што на тыдзень іх адпраўляюць у водпуск, які яны потым будуць абавязаныя адпрацаваць. Чаму гэта адбываецца, ніхто не ведае. Можна толькі меркаваць, што насамрэч тая экспартная палітыка, якая здзяйснялася дагэтуль, правалілася. Экспарт трактароў для завода стратны. Проста раней прадпрыемства сур'ёзна субсідавалася з боку дзяржавы. Сёння сталі відавочнымі эканамічныя цяжкасці. У дадзеным выпадку гэта адбілася на дзейнасці флагмана беларускай прамысловасці», – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Ярашук.