13 снежня 2025, Субота, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блізкі сябар Пуціна ўзначаліў «Транснафту»

Новым гендырэктарам "Транснафты", расейскай дзяржманаполіі па транспартоўцы нафты, будзе прызначаны кіраўнік "Зарубежнефти" Мікалай Токараў, піша газета "Ведомости". Ранейшы кіраўнік кампаніі Сямён Вайншток яшчэ 11 верасня прыняў прапанову прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ўзначаліць Алімпійскую дзяржкарпарацыю. Паводле дадзеных газеты "Коммерсант", Токараў з'яўляецца сябрам і калегам расейскага прэзідэнта.

Мінэканамразвіцця ўнесла ва ўрад праект дырэктывы для галасавання па кандыдатуры Токарава на пасаду новага прэзідэнта "Транснафты". Гэтую інфармацыю газеце “Ведомости” пацвердзілі крыніцы ў Мінпрамэнерга. Дакумент будзе зацверджаны і падпісаны да канца тыдня, а новы прэзідэнт кампаніі будзе зацверджаны рашэннем сходу акцыянераў. Крыніцы "Коммерсанта" таксама ўпэўненыя, што кандыдатура Токарава будзе ўхваленая ўрадам. Дзяржаве належыць 75 працэнтаў акцый "Транснафты" (100 працэнтаў галасуючых).

Раней Токарава называлі толькі адным з кандыдатаў на пасаду новага кіраўніка манаполіі. Сярод іншых прэтэндэнтаў на гэтую пасаду лічылі, напрыклад, кіраўніка Мінпрамэнерга Віктара Хрысценку. Цяпер выканаўцай абавязкаў кіраўніка "Транснафты" з'яўляецца яе віцэ-прэзідэнт Юры Лісін. Пры гэтым раней Токараў, якога СМІ паспяшаліся назваць пераемнікам Вайнштока, аспрэчваў інфармацыю пра сваё прызначэнне.

На думку экспертаў, Мікалай Токараў працягне палітыку Сямёна Вайнштока. "Ён дасведчаны кіраванец і працягне ўвасабленне ідэалогіі дзяржаўніка", – лічыць аналітык "Тройкі Дыялог" Валеры Несцераў.

Генерал-маёр Мікалай Токараў ужо паспеў папрацаваць на пасадзе віцэ-прэзідэнта "Транснафты" ў 1999 годзе, дзе курыраваў знешнеэканамічны блок. У верасні 2000 года ён узначаліў "Зарубежнефть". Да 1999 года Токараў працаваў у першым галоўным упраўленні КДБ, а пасля і ў ФСБ.

"Коммерсант" піша, што адзін час, як і Уладзімір Пуцін, Токараў быў у доўгатэрміновай камандзіроўцы ва Усходняй Нямеччыне, дзе некаторы час служыў у адным падраздзяленні з будучым прэзідэнтам. У 1996 Токараў стаў намеснікам гендырэктара дзяржпрадпрыемства па кіраванні ўласнасцю за мяжой упраўлення справамі прэзідэнта. Тады ж ва ўпраўленні справамі працаваў і Пуцін.

"Транснафта" аб'ядноўвае ўсе магістральныя нафтаправоды Расеі, адказвае за транспартоўку амаль усёй нафты ў Расеі, а таксама за яе экспарт. Цяпер кампанія зліваецца з "Транснефтепродуктом". Адным з найбуйнейшых праектаў кампаніі з'яўляецца будаўніцтва нафтаправода з Усходняй Сібіры на Ціхі акіян.

Нагадаем, што Уладзімір Пуцін за апошнія некалькі дзён зрабіў шэраг прызначэнняў. У прыватнасці, былы прэм'ер-міністр Міхаіл Фрадкоў стаў дырэктарам Службы знешняй выведкі, а экс-кіраўнік Ашчадбанка Андрэй Казьмін узначаліў "Пошту Расеі".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках