13 снежня 2025, Субота, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перабоі з прадуктамі будуць працягвацца

5

На днях у СМІ пачала актыўна абмяркоўвацца тэма магчымага малочнага крызісу. Афіцыйныя структуры тут жа паспрабавалі запэўніць грамадскасць, што малочных прадуктаў хопіць на ўсіх. Аднак сітуацыя застаецца далёка не бясхмарнай.

Нагадаем, гаворка ішла пра сур'ёзны дэфіцыт сыравіны, з якім беларускія малочныя заводы сутыкнуліся апошнім часам. Закупныя цэны на малако ў Расеі ў паўтара-два разы вышэйшыя, чым у Беларусі. Адгэтуль узнікла здагадку, што айчынныя калгасы і дробныя заводы сталі пастаўляць малако ў Расею, піша газета «Салідарнасць»..

3 кастрычніка начальнік упраўлення харчавання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Кашнікаў заявіў БелТА, што «ніякага дэфіцыту малочнай прадукцыі на спажывецкім рынку Беларусі няма і не будзе».

На наступны дзень агенцтва «Інтэрфакс» апублікавала навіну пад загалоўкам “Удзельнікі малочнага рынку Беларусі аспрэчваюць інфармацыю пра дэфіцыт малочных прадуктаў, пры гэтым некаторыя з іх адзначаюць недахоп малочнай сыравіны”. Фактычна ў гэтай нататцы пацвярджаліся факты перабою паставак малака ў сталічныя крамы.

Ва ўпраўленні харчовай прамысловасці Менгарвыканкама «Інтэрфаксу» аспрэчылі інфармацыю аб узнікненні дэфіцыту малочных прадуктаў у гандлёвай сетцы горада. Але на УП "Гарадскі малочны завод №3” і ААТ "Гармалзавод №2" пацвердзілі наяўнасць праблемы з пастаўкамі сыравіны, але пры гэтым адмовіліся каментаваць пытанне паставак прадукцыі ў рознічную сетку.

Аднак наяўнасць праблем з малаком ужо 9 кастрычніка пацвердзіў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Менскага гарадскога малочнага завода №3 Алег Галабурда. Паводле яго слоў, “сыравіны сістэматычна бракавала, і гэтая сітуацыя захоўвалася ўвесь верасень”.

А начальнік аддзела продажу сталічнага Гармалзавода №2 Сяргей Крайко дэталізаваў: «У нашага завода малака – у 2 разы менш, чым трэба. Сыры, напрыклад, ужо не вырабляем».

Пра становішча спраў “Салідарнасці” таксама распавялі ў шэрагу сталічных крам.

«У нас ужо два месяцы перабоі з малочнымі прадуктамі. Мы атрымоўваем толькі 40-50% ад запытанай колькасці. Перабоі з маслам і сырам. Нам пачалі прапаноўваць ужо літоўскую прадукцыю, але цэны не задаволяць беларускага пакупніка: адпускная цана – каля 20 тысяч за кілаграм. Пры тым, што ў нас рознічная на беларускі сыр 10 тысяч была», – распавялі ў краме «Царское угощение».

У цэлым, як адзначаюць некаторыя эксперты, у прынцыпе, “дэфіцыту малочнай сыравіны ў краіне няма, проста павялічваецца запатрабаванне ў ім для перапрацоўчых прадпрыемстваў з прычыны росту попыту на малочную прадукцыю, як на ўнутраным, так і на знешнім рынках". Пры гэтым павялічваецца аб'ем сыравіны, якая накіроўваецца на выпуск экспартных прадуктаў. Справа ў тым, што на еўрапейскім рынку вырасла цана на малочную прадукцыю, па асобных пазіцыях у 2,5 разы. Арыентуючыся на кан'юнктуру рынку, прадпрыемствы нарошчваюць выпуск высокарэнтабельных відаў прадукцыі —напрыклад, сыроў, сухога малака. Так што сыравіна не адсутнічае ў прынцыпе, пытанне ў тым, куды яна накіроўваецца на перапрацоўку.

За апошнія дні сітуацыя практычна не змянілася. Другі і трэці сталічныя малаказаводы недаатрымліваюць сыравіны. Як следства, істотна павузіўся асартымент Малочных прадуктаў у менскіх крамах. Калі б не рэгіянальныя заводы, сталіца ўжо цяпер магла б увогуле застацца без малака.

Пакуль сітуацыя прыкрая, але не смяротная. Аднак ужо відавочна, што неабходна нешта рабіць, каб забяспечыць беларускія малаказаводы сыравінай у неабходнай колькасці.

Як мы ўжо пісалі, у праблемы ёсць два відавочныя рашэнні. Першае – павялічыць закупную цану для таго, каб айчынным вытворцам малака стала выгодна прадаваць яго ўнутры краіны, а не вывозіць у Расею. Праўда, гэта прывядзе да падаражання малака ў беларускіх крамах. Другі спосаб у тым, каб папросту забараніць вытворцам малака – тым жа калгасам – прадаваць яго ў Расею. Гэта вырашыць праблему загрузкі сыравінай беларускіх малаказаводаў, аднак адаб'ецца на стане гаспадарак, якія недаатрымаюць прыбытак.

Пакуль службоўцы не зрабілі ні таго, ні іншага.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках