Марш будзе праверкай
- 9.10.2007, 12:36
Еўрапейскі марш, які аб'яднаныя дэмсілы маюць намер правесці 14 кастрычніка, можа стаць праверкай як здольнасці апазіцыі арганізаваць масавае вулічнае мерапрыемства, так і шчырасці жадання ўлад палепшыць стасункі з Еўразвязам, піша газета «Белорусы и рынок».
На момант падрыхтоўкі матэрыялу Менгарвыканкам не адказаў на заяўку аб правядзенні акцыі. Па словах кіраўніка аргкамітэта па яе падрыхтоўцы, намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, ён хацеў сустрэцца з прадстаўнікамі выканкама, але яго не пусцілі ўнутр будынка: "Сказалі, што адказ атрымаю паводле закона, за пяць дзён да акцыі. Значыць, адпаведна, у аўторак, 9 кастрычніка".
На мінулым тыдні сябры аргкамітэта Еўрапейскага Марша сустрэліся з амбасадарамі краін Еўразвяза ў Беларусі і распавялі ім пра падрыхтоўку мерапрыемства. "Мы распавялі пра рэпрэсіі ў дачыненні тых, хто праводзіць інфармацыйную кампанію па падрыхтоўцы акцыі: пра апошнія арышты актывістаў апазіцыі, пра затрыманні. Мы абураныя з нагоды таго, што адбываецца і заклікалі амбасадараў таксама выказаць абурэнне дзеяннямі афіцыйнага Менска", – распавёў В. Івашкевіч.
Тым часам, як паведаміў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, прадстаўнікі аргкамітэта запрасілі еўрапейскіх палітыкаў – дэпутатаў Еўрапарламента, нацыянальных парламентаў краін ЕЗ, спецыялістаў па Беларусі розных еўрапейскіх арганізацый – паўдзельнічаць у маршы. "Гэта ўсе еўрадэпутаты, якія ўваходзяць у дэлегацыю па сувязях з Беларуссю на чале з польскім дэпутатам Еўрапарламента Богданам Кліхам", – сказаў В. Вячорка. Сярод магчымых госцяў палітык назваў спікера Еўрапарламента Ханса-Герта Петтэрынга. 15 кастрычніка чакаецца прыезд у Менск дакладчыка па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Андрэа Рыгоні – парламентарый зможа ацаніць вынікі Еўрапейскага Марша.