Салігорскія шахцёры абаранілі права на льготныя пенсіі
- 9.10.2007, 14:02
У праект закона "Аб прафесійным пенсійным страхаванні" прапаноўваецца новая норма. Яе сутнасць – захаваць датэрміновыя пенсіі для тых, хто цяпер працуе ў шкодных умовах працы. Не выключана, што на восеньскай сесіі ў «парламенце» праект будзе разглядацца ўжо ў змененым выглядзе, які, дарэчы, цяпер задавальняе і прафсаюзы.
Тым, хто адпрацаваў у шкодных умовах працы 50% і больш за неабходны для атрымання пенсіі тэрмін, пенсія за шкодныя ўмовы працы будзе захоўвацца. Унесці ў законапраект такую змену было вырашанае ў канцы верасня ў Салігорску на сходзе актыву прафсаюза ПА "Беларуськалій" з удзелам лідэра нацыянальнага прафцэнтра Леаніда Козіка, прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, «парламента», Міністэрствы працы і сацабароны, паведамляе «Экономическая газета».
Як сказалі "ЭГ" у пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў, прапанаваная норма павінна будзе яшчэ прайсці доўгую працэдуру ўзгадненняў у парламенцкіх камісіях і ці будзе яна вынесеная на разгляд на гэтай сесіі стане зразумела цягам бліжэйшага месяца.
Нагадаем, законапраект "Аб прафесійным пенсійным страхаванні" быў прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі «парламента» сёлета. Паводле дакумента, працаўнікам, якія пажадаюць працягнуць працу ў шкодных умовах працы пасля выхаду на датэрміновую пенсію, давядзецца адмовіцца ад атрымання прафпенсіі да дасягнення агульнаўсталяванага пенсійнага ўзросту. Плануецца, што закон уступіць у дзеянне з 1 студзеня 2008 г.
Нагадаем, што салігорскія шахцёры ў знак пратэсту супраць адмены льготных пенсій шматкроць праводзілі акцыі пратэсту.