Ва Украіне прыдумалі, як пакараць «Газпром»
- 9.10.2007, 14:04
Украіна павінна сама прапанаваць Расеі падняць цану на газ, каб следам Кіеў мог патрабаваць павялічыць кошт транзіту расейскага газу ў Еўропу праз сваю тэрыторыю. Пра гэта заявіў сёння ў Кіеве Валеры Баравік, кіраўнік упраўлення Альянсу «Новая энергія Украіны».
«Украіна сама павінна прапанаваць Расеі падвысіць цану на газ да 180 даляраў. Магчыма, гэтая шакуючая прапанова, але я ўпэўнены, у самыя блізкія дні мы ўбачым, што гэты сцэнар рэальны. Тады Украіна ў аднабаковым парадку зможа падняць пытанне аб пераглядзе цаны на транспартоўку газу ў Еўропу», – сказаў Баравік, падкрэсліўшы пры гэтым, што «падвышэнне транзіту ў два разы нівялюе ўзняцце цаны на газ нават на 50 даляраў».
На яго думку, Расея абавязкова падвысіць цану на газ для Украіны ў 2008 годзе, нават не ўлічваючы колер кааліцыі ў будучай Вярхоўнай Радзе.
«Цана будзе расці незалежна ад якасці асабістых стасункаў. Гэта паказвае прыклад Расеі і Беларусі. Расея будзе паднімаць цану, таму Украіне трэба іграць на апярэджанне», – лічыць Баравік.