Вацлаў Гавэл: «Мужнасьць – адзіны шлях да посьпеху»
- 9.10.2007, 17:48
У часе Форуму-2000, які штогод праводзіцца пад патранажам былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гавэла, адбылося ўручэньне прэміі імя Гано Эленбоген Аляксандру Мілінкевічу. На цырымонію прыбыў Вацлаў Гавэл і пасьля яе даў інтэрвію “Радыё “Свабода”, у якім, у тым ліку, выказаў пратэст супраць арыштаў арганізатараў Еўрапейскага Марша.
-- Спадар Гавэл, Вы рэгулярна падтрымлівае дзеяньні беларускай апазыцыі і культурнай эліты. Напярэдадні Эўрапейскага Маршу 14-га кастрычніка, што Вы думаеце пра такія формы пратэсту?
-- Ёсьць, натуральна, самыя розныя спосабы і формы як выказаць сваю пазыцыю, а паколькі ў Беларусі сытуацыя да таго дасьпявала, да той формы пратэсту спрычынілася, дык, натуральна, трэба гэта скарыстаць. Удзел у гэтых дэманстрацыях неадназначны. Затрымліваюць людзей і так далей. Але мужнасьць – гэта адзіны шлях да посьпеху.
-- Апошнім часам у Расеі ўзмацніліся пазыцыі цяперашняга прэзыдэнта, Масква вядзе адмысловую інфармацыйную палітыку адносна краін, якія выйшлі з-пад яе уплыву Расеі. Як, на Вашую думку, будзе разьвівацца палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі?
-- Я ня веру, што Беларусь магла б быць інтэграванай у Расею. Натуральна, што Расея будзе там умацоўваць уплыў. А да таго ж гэта будзе залежыць, як у Беларусі будуць бараніцца ад гэтага і адбудоўваць раўнапраўныя адносіны.