Да Аляксандра Атрошчанкава не пускаюць жонку
- 9.10.2007, 20:15
Жонка дэмакратычнага актывіста Аляксандра Атрошчанкава Дар'я спрабуе ўвайсці ў кватэру да свайго мужа, але людзі ў міліцэйскай форме яе не пускаюць. «Мяне груба адапхнулі міліцыянты. Заявілі, што ў кватэры і так шмат людзей, і яны без мяне разбяруцца», – паведаміла сайту Хартыі’97 жонка Атрошчанкава.
У кватэру дэмакратычнага актывіста Аляксандра Атрошчанкава ў 19.10 уварваліся супрацоўнікі міліцыі. Спачатку яны цэлую гадзіну грукалі і патрабавалі адчыніць дзверы, а пасля ўлезлі ў кватэру на другі паверх (!) праз акно. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Атрошчанкаў, уварваўшыся ў кватэру, міліцыянты заявілі, што ім паступіў ананімны званок наконт таго, што там нібыта знаходзіцца труп. Аднак перш за ўсё міліцыянтаў зацікавілі кампутары. У кватэры праходзіць ператрус. Відавочна, што напад на кватэру ажыццёўлены па палітычных матывах. У момант уварвання міліцыянтаў Атрошчанкаў пакінуў уключаным тэлефон, і мы чулі, як міліцыянты пагражалі яму і патрабавалі паказаць інфармацыйныя матэрыялы, звязаныя з Еўрапейскім Маршам. Потым тэлефон Атрошчанкава быў адключаны…