Лукашэнка ставіць Маскве ўмовы
- 10.10.2007, 9:43
Менск мае намер дамагацца ўнутрырасейскіх цэнаў на газ у рамках Мытнага саюза. Гэта вынікае з слоў памочніка Аляксандра Лукашэнкі Валянціна Рыбакова, які пракаментаваў рашэнне Беларусі, Казахстана і РФ аб стварэнні адзінай мытнай прасторы.
Па словах службоўцы, «адсутнасць узгодненых пазіцый у фармаванні цэнаў на энергарэсурсы можа стаць перашкодай для стварэння Мытнага саюза». «Не можа быць адзінай канкурэнтнай серады ва ўмовах няроўнасці цэнаў на сыравінныя тавары і энерганосьбіты», – цытуюць памочніка Лукашэнкі СМІ. Судзячы па словах Валянціна Рыбакова, Беларусь расцэньвае падпісанне адпаведнага пагаднення ў Душанбе як гарантыю таго, «што мы не будзем далей разбегацца, павялічваць розніцу ва ўмовах гаспадарання і ўводзіць новыя абмежаванні ва ўзаемным гандлі».
Афіцыйныя заявы Беларусі пра вынікі сустрэчы ў Душанбе не выбіваюцца з агульнага кантэксту. «Фактычна гутарка на гэтую тэму (стварэнне Мытнага саюза) вядзецца з 1995 года, але рэальныя зрухі пачынаюць здзяйсняцца толькі цяпер», – сказаў журналістам віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Андрэй Кабякоў, распавядаючы пра значнасць падпісаных у Душанбе дакументаў. Аднак заява Рыбакова, на думку экспертаў, гэта сігнал Расеі наконт сапраўдных настрояў і намераў Менска.
Пра тое, што стварэнне Мытнага саюза немагчымае без адзінага энергетычнага рынку з аднолькавымі цэнамі на энерганосьбіты, кажуць і незалежныя эксперты. «Краінам-удзельніцам спачатку трэба сфармуляваць свае нацыянальныя інтарэсы, стварыць свабодны рынак тавараў, капіталаў і працы і ўжо потым фармаваць адзіную пазіцыю па дачыненні да знешняга рынку», – сказаў «Независимой газете» кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Пакуль жа, на думку эксперта, «у таварышах згоды няма». Прычым калі казаць пра Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расеі, то тармозіць працэс Расея, лічыць ён. «У Казахстана ёсць свае энерганосьбіты, таму сфармаваць адзіны энергетычны рынак – гэта значыць, даць магчымасць Беларусі купляць іх па ўнутрырасейскай цане», – гаворыць Заіка. «Калі выдаткі на вытворчасць тавараў прынцыпова розныя, то пра які іх свабодны рух можна казаць?» – пытае эксперт.
Заіка лічыць зробленыя ў Душанбе заявы наконт блізкасці Мытнага саюза чыста палітычнымі. Для прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які мае намер застацца не толькі ў палітыцы, але і ва ўладзе, важна напярэдадні сыходу з пасады прэзідэнта прадэманстраваць, што інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы ідуць, мяркуе Заіка. Лукашэнка таксама палітык, таму ён не бачыць неабходнасці спрачацца з Пуціным, які цяпер сыходзіць, хоць і застаецца пры гэтым пры сваім розуме.