13 снежня 2025, Субота, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вацлаў Гавэл: «Я ня ведаю, хто стане наступным прэзыдэнтам Чэхіі, але беларускім – Мілінкевіч»

3
Вацлаў Гавэл: «Я ня ведаю, хто стане наступным прэзыдэнтам Чэхіі, але беларускім – Мілінкевіч»

Праскае таварыства міжнароднага супрацоўніцтва ўганаравала лідэра беларускага руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча прэміяй “За грамадзянскія заслугі” імя Гано Эленбоген. Сваю прэмію Мілінкевіч перадаў Паўлу Севярынцу.

У адрозьненьне ад пасяджэньняў, на якіх абмяркоўваліся правы чалавека, крытэрыі свабоды ў яе распаўсюдзе ў розных культурах,– гэтая была ўрачыстая. Прыехаў былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, і калі заснавальнік прэміі Марк Эленбоген папрасіў ужо, зразумела, стомленага за дзень Гавэла сказаць колькі словаў аб Мілінкевічу, былы чэскі прэзыдэнт, заснавальнік Форуму 2000 адказаў коратка:

“Я ня ведаю, хто стане наступным прэзыдэнтам Чэхіі, але беларускім – Мілінкевіч”.

Пасьля Марк Эленбоген расказаў прысутным этапы біяграфіі Мілінкевіча і Паўла Севярынца. Пра апошняга шмат гаварыў і Мілінкевіч. Зрэшты, на шчыце пра ляўрэатаў былі два імені, паведамляе “Радыё Свабода”.

У сваім выступе Мілінкевіч сказаў, што гэта прэмія ўсёй беларускай дэмакратыі, за якую так мужна змагаецца Севярынец. І ўсім людзям, якія адчуваюць сябе эўрапейцамі ў сапраўды эўрапейскай краіне. Ну і прыгадаў слынных людзей Беларусі. У прыватнасьці, Дастаеўскага, Шастаковіча, Адама Міцкевіча. Пасьля ў інтэрвію Свабодзе адзін з лідэраў польскай “Салідарнасьці”, галоўны рэдактар “Газэты Выборчай” Адам Міхнік вельмі высока ацаніў асобу Мілінкевіча, сказаўшы, што гэта сапраўды эўрапейскі палітык.

Уручаная прэмія была заснаваная ў 2000 годзе Маркам Эленбогенам у гонар маці, Гано, якая вырасла ў пасьляваеннай Нямеччыне і ўсё жыцьцё аддала справе яднаньня людзей. Дарэчы, у 2003 годзе ляўрэатам стаў Вацлаў Гавэл і ён перадаў сваю прэмію рэдактару “Нашай Нівы” Андрэю Дыньку. Такая традыцыя – перадаваць іншым. Таксама сярод ляўрэатаў прэміі былі Мадлен Олбрайт, Мілаш Форман, Лорд Робэртсан.

Нагадаем, што Мілінкевіч сустрэўся з былой Дзяржсакратар ЗША Олбрайт, а яна ў сваім асноўным выступе сказала, што ЗША будуць падтрымліваць лідэраў, якія могуць гарантаваць дэмакратыю ў Беларусі. І сярод іх назвала Мілінкевіча.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках