2 траўня 2024, Чацвер, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадукты будуць даражэць, інакш яны знікнуць зусім

9

Апошнім часам у Беларусі прыкметна павялічваюцца цэны на харчовыя тавары. Асабліва значны рост цэнаў на алей, курэй, малочныя прадукты.

Расце цана на хлеб. Акрамя гэтага, малаказаводы Менска апошнім часам зведваюць сур'ёзныя перабоі з пастаўкамі сыравіны. Сітуацыю на харчовым рынку Беларусі пагадзіўся пракаментаваць прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у мінулым кіраўнік прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Ярашук.

«Гісторыя паўтараецца. Нешта такое было гадоў дзесяць таму, але ў больш вострай форме, калі, праз фіксацыю цэнаў, смятана стала 10-працэнтнай, а чаргу за алеем займалі за гадзіну да адкрыцця крамы. Цяпер можна казаць пра некаторыя пралікі ў коштаўтварэнні: відавочна, што згодна з сусветнай кан'юнктурай у нас не падвышаныя належным чынам закупныя цэны на малако», – тлумачыць сітуацыю эксперт.

На думку Аляксандра Ярашука, наша аграрная палітыка застаецца няўдалай, бо працягвае будавацца на прынцыпах дамінавання дзяржаўнай уласнасці і камандна-адміністрацыйным кіраванні. Гэта прывяло да страты нашымі таварамі пазіцый на знешніх рынках. «У нас няма ні гаспадара-ўласніка, ні рынкавых стасункаў. Пакуль такі стан будзе захоўвацца, такія неспадзяванкі накшталт перабояў з прадуктамі харчавання будуць паўтарацца. Бо мы самі сябе загналі ў тупік. Наша сельскагаспадарчая прадукцыя насамрэч усё менш канкурэнтаздольная. І тое, што ў дадзены момант наша малако запатрабаванае, гэта вынік штогадовых датацый у 2 мільярды даляраў. У некаторым сэнсе мы з сваёй кішэні датуем усіх спажыўцоў нашай сельгаспрадукцыі ў нас і за мяжой», – заяўляе эксперт.

«Цяпер на еўрапейскім рынку цана на малако падвоілася, павялічылася на сусветным рынку з прычыны невысокага ўраджаю і кошту збожжа. Усё гэта адбіваецца на нашым харчовым рынку, бо беларуская эканоміка даволі адкрытая. Жаданне нашых вытворцаў малака прадаць сыравіну даражэй цалкам натуральнае. А забараніць прадаваць яго за мяжу, значыць, асудзіць мяса-малочныя фермы на страты і скарачэнне вытворчасці, што ў наступстве яшчэ больш ускладніць сітуацыю на спажывецкім рынку. Хоць я не выключаю, што спакуса вырашаць праблему з дапамогай камандна-адміністрацыйных метадаў, у тым ліку забароны на вываз, у нашых службоўцаў вялікая. Тым не менш, я не прыхільнік таго, каб забараніць вываз малака. Мы – частка сусветнага рынку. Прадукты будуць даражэць, інакш яны знікнуць з нашых прылаўкаў, і ўсімі праўдамі і няпраўдамі знойдуць сабе пакупніка ў іншым месцы», – лічыць Ярашук.

Цяпер, на думку эксперта, спрыяльныя ўмовы для рэфармавання. Адзіны, на яго думку, цывілізаваны выхад у дадзенай сітуацыі – падвышаць закупныя і рознічныя цэны з адначасовай адмовай ад неэфектыўнай шматмільярднай дзяржаўнай падтрымкі вёскі, якая практыкуецца апошнія гады. «Неабходна рэфармаванне вёскі з пераходам на рынкавыя формы гаспадарання. Трэба адпусціць сялян на волю, даць гаспадаркам поўную эканамічную самастойнасць, увесці прыватную ўласнасць не толькі на сродкі вытворчасці, але і на зямлю. Інакш кажучы, зрабіць селяніна гаспадаром», – мяркуе эксперт.

Наяўная, неэфектыўная практыка дзяржпадтрымкі, на думку эксперта, ужо даўно ўзняла цэны на шэраг прадуктаў «Бо, нягледзячы на беспадстаўную падтрымку дзяржавы, некаторыя нашы катэгорыі харчовых тавараў (ялавічына, свініна, птушка) даражэй замежных аналагаў. Гэта вынік празмернай абароны ўнутранага рынку, якая разбэсціла нашага вытворцу, упэўненага ў тым, што яго таварам месца ў Беларусі будзе забяспечанае пры любой цане. Ва ўмовах манапалізацыі ўнутранага рынку вытворца той жа птушкі спакойна пераносіць усе выдаткі, выкліканыя падаражаннем збожжа і энергіі на плечы нашых спажыўцоў», – тлумачыць завышаныя цэны на мясныя прадукты Аляксандр Ярашук.

Падобна на тое, што рост цэнаў непазбежны, згодныя і профільныя беларускія службоўцы. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўчора накіравала прапанову павялічыць закупныя цэны на малако ўсім зацікаўленым міністэрствам і ведамствам. У выпадку станоўчага рашэння будзе прынятая адпаведная пастанова Савета міністраў. Неабходнасць павелічэння закупных цэнаў на малако звязаная з ростам выдаткаў на яго вытворчасць, у выніку чаго вытворцы малака прадаюць дзяржаве сваю прадукцыю сабе ў страту, а таксама ростам цэнаў на дадзены від прадукцыі ў сумежных дзяржавах. У гэтым годзе закупныя цэны на малако павялічваліся двойчы – у студзені і верасні.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках