13 снежня 2025, Субота, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні адкрываецца канферэнцыя па энергабяспецы

У сталіцы Літвы Вільні сёння адкрылася міжнародная канферэнцыя па бяспецы ў галіне энергетыкі "Адказная энергетыка – для адказных партнёраў". Дыялог ЕЗ з Расеяй – адна з галоўных тэм сустрэчы, але РФ у ёй не ўдзельнічае. У МЗС Літвы гэта тлумачаць "нежаданнем Масквы" прызнаваць новую энергетычную палітыку Еўразвяза.

Асноўнымі тэмамі дыскусій прэзідэнтаў Азербайджана, Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі і Украіны, а таксама прадстаўнікоў урадаў 12 краін, энергетычных кампаній, экспертаў заяўленыя трансатлантычны энергетычны дыялог, дыялог ЕЗ з Расеяй, рэгіёнамі Каспійскага і Чорнага мораў, а таксама развіццё энергетычнай стратэгіі Балтыі і перспектывы інтэграцыі ўсходнееўрапейскіх партнёраў у энергетычную сістэму Еўразвяза, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Расея прадстаўленая на сустрэчы амбасадарам РФ у Літве.

"Спадзяюся, што ў Вільні будуць знойдзеныя рашэнні, якія прапануюць Еўропе рэальныя альтэрнатывы паставак энергарэсурсаў, умацуюць яе энергетычную бяспеку і стабільнасць", – заявіў напярэдадні форума прэзідэнт Валдас Адамкус.

Ініцыятарамі правядзення двухдзённай сустрэчы выступілі прэзідэнты Літвы і Польшчы. У Вільні планавалася падпісанне дэкларацыі Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы аб сумесным будаўніцтве на тэрыторыі Літвы новай АЭС і дамовы аб стварэнні кампаніі, якая пачне рэалізацыю праекту злучэння энерганосьбітаў Літвы і Польшчы. Гэта дало б Вільні выхад на Захад. Цяпер энергасістэма Літвы інтэграваная толькі з усходнімі суседзямі.

Аднак на мінулым тыдні ў Вільні міністр эканомікі Польшчы Пётр Важняк заявіў, што Варшава "не будзе спяшацца" з гэтым праектам, пакуль не заручыцца гарантыямі атрымання траціны электраэнергіі новай АЭС. Пасля ўльтыматыўнай заявы Важняка прэзідэнт Адамкус і прэм'ер Гядымінас Кіркілас адмянілі запланаваныя сустрэчы з польскім міністрам. Да самага пачатку канферэнцыі бакі шукалі кампраміс.

Калі гэтыя дамоўленасці падпісаць не атрымаецца, Вільня павінна будзе задаволіцца тым, што не занадта выдаткавалася на арганізацыю гэткай важнай сустрэчы (яна абыдзецца ў 450 тысяч еўра), і сімвалічным подпісам пад чарговай дэкларацыяй аб будаўніцтве нафтаправода Адэса-Броды-Плоцк. Сімвалічная яна таму, што гэтая "труба" па тэрыторыі Літвы не пройдзе.

Іншыя ўдзельнікі сустрэчы – Грузія, Украіна, Азербайджан і Малдова – схільныя разглядаць яе і ў "юбілейным" аспекце 10-годдзя арганізацыі ГУАМ, якая іх аб’яднае.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках