Лявон Вольскі: «Чакаем, пакуль зоркі складуцца»
1- 10.10.2007, 13:26
10 кастрычніка ў сталічным клубе «Фартуна» (вуліца Смаленская, 15, ст. м. «Пралетарская») адбудзецца вялікая прэзентацыя новага альбома “06” славутага беларускага гурта N.R.M. Напярэдадні канцэрта Лявон Вольскі распавёў у інтэрвію “Еўрарадыё”, што чакае фанатаў сёння ўвечары.
— Лявон, што вы будзеце граць сёння?
— Сёння будзе сыграны ўвесь новы альбом, а таксама некаторыя старыя песні, якія рэдка выконваюцца і, зразумела, найбольш вядомыя песні, так званыя хіты, або “хіцяры”.
— А ці запрашалі вы якіх-небудзь адмысловых зорак на канцэрт?
— Зорак не будзе. Як Крама запрасіла Аруцюнава, вы думаеце, можа і мы будзем некага запрашаць, можа быць гэтага… Грэбеншчыкова. Не. Будуць запрошаныя ўсе энэрэмаўскія дзеці. Гэтым разам будзе і мая Адэля. У дзвюх песнях зноў будзе духавая секцыя, якая грае ў Крамбамбулі. Яны дапамогуць і N.R.M. таксама.
— Чаму прэзентацыя толькі цяпер?
— Па-першае, летам прэзентаваць альбом няма сэнсу. Па-другое, у нас, як вы ведаеце, вялікія праблемы з памяшканнямі, заламі. Нават цяпер ніхто не застрахаваны ад таго, што сёння нешта здарыцца: “каналізацыю там прарве”, ці “пажар” нейкі. У Варшаве мы даўно прэзентавалі, а ў нас трэба было чакаць, пакуль зоркі складуцца ў адпаведную фазу, каб можна было сыграць.
— Апошнім часам гурт часта выступае за мяжой. Якія канцэрты вам найбольш запомніліся?
— Апошні канцэрт быў ў польскім Любіне недалёка ад Вроцлава на вельмі вялікім чатырохдзённым фестывалі, прысвечаным як заўсёды грамадскім свабодам і г.д. Хэдлайнерам быў вядомы музыкант і акцёр Боб Гэлдаф (сыграў галоўную ролю ў фільме “Сцяна” Pink Floyd” – заўв. рэд.). Таксама выступаў слынны чэшскі гурт The Plastic People of the Universe, які ў свой час пасядзеў у вязніцы за альтэрнатыўны склад мыслення, і шмат хто яшчэ.
— Як хутка чакаць наступнага альбома і увогуле якія планы ў гурта?
— Гэта творчасць. Тут цяжка нешта планаваць. Планы такія — граць канцэрты. Спадзяемся, што канцэрты будуць адбывацца ў Беларусі, таму што для музыканта, прынамсі, для нас вельмі істотным з’яўляецца кантакт менавіта з нашай аўдыторыяй. Планы таксама звязаныя з кліпамі. Мы ўпершыню выступім у ролі сцэнарыстаў. Плануецца зняць кліпы на дзве песні “Ніколі-ніколі” і “Тое, што ёсць паміж намі”, а таксама перазняць “Мінск і Менск”. Што датычыцца новых песень, то іх няма. У бліжэйшым часе мы пачнём працу над песняй да трыб’юта Нейра Дзюбеля. Песню мы абралі, але казаць якую пакуль не будзем.
Нагадаем, пачатак сённяшняга мерапрыемства а 19-й гадзіне. Аднак, па словах арганізатара канцэрта Паўла Кашырына, усе квіткі прададзеныя: “На дадзены момант усе квіткі на канцэрт N.R.M. прададзеныя. Мы спадзяемся, што ўсё ў нас атрымаецца і будзе вялікае свята!”