Еўрапейскі Марш: Кастрычніцкая плошча – Акадэмія навук – Парк дружбы народаў
39- 10.10.2007, 15:15
Еўрапейскі Марш пройдзе 14 кастрычніка ў Менску. Арганізатары акцыі маюць намер прыйсці а 14 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, каб правесці людзей да дазволенага гарадскімі ўладамі месца збору ўдзельнікаў Еўрапейскага Марша – Акадэміі Навук, адкуль адбудзецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці–вуліца Сурганава–Парк Дружбы народаў. «Еўрапейскі Марш дазволены. Адзінае, што можа перашкодзіць выйсці на Марш – гэта лянота або жаданне жыць пры дыктатуры», – заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел заяўнікі Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч, Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка.
«У сувязі з тым, што мы першапачаткова заяўлялі пра мірнасць і неканфліктнасць Еўрапейскага Марша, мы дамагаемся максімальнай легальнасці акцыі. Каб тысячы людзей маглі спакойна і годна ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве, мы згаджаемся на маршрут, прапанаваны ўладамі – ад Акадэміі навук да Парку дружбы народаў. Такое рашэнне прынятае таксама ў сувязі з тым, што ў Маршы возьмуць удзел афіцыйныя прадстаўнікі Еўрапейскага Звязу. Аднак мы лічым сваім маральным абавязкам прыйсці а 14 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, каб заклікаць людзей прайсці разам з намі да Акадэміі навук. У сувязі з тым, што мы пагадзіліся з прапановай улады, мы спадзяемся, што яны таксама павядуць сябе цывілізавана», – заявіў Віктар Івашкевіч.
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў улады прыслухацца да заклікаў Еўразвяза і назваў рэпрэсіі супраць арганізатараў Еўрапейскага Марша бессэнсоўнымі.
«Нельга заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў апошнія дні. Гэтая праява страху ўлад перад масавасцю Еўрапейскага Марша. Правакацыі супраць кіраўнікоў аргкамітэта, арышты арганізатараў Марша, ператрусы ў кватэрах дэмакратычных актывістаў – усё гэта бессэнсоўна. Людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцы», – сказаў палітык.
Падзеі апошніх дзён, на думку намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, сведчыць пра «некаторую шызафрэнію» ў галовах службоўцаў. «Адна палова галавы хоча ў Еўропу, другая палова хоча дыктатуру. Я спадзяюся, што разумны сэнс пераможа», – сказаў Івашкевіч.
Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заклікаў беларусаў прыйсці на Еўрапейскі Марш, а ўлады – дазволіць правесці акцыю мірна.
«Уся Беларусь, і дэмакраты і недэмакраты, усе зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Еўропай. Умова для гэтага адна – паводзіць сябе прыстойна. Мы павінны пачаць свой шлях у Еўропу. Павінны прадэманстраваць сваю волю. Ад кожнага з нас сёння залежыць, куды пойдзе краіна. Заклікаю ўсіх прыйсці на марш і прадэманстраваць, што Беларусь хоча быць еўрапейскай і цывілізаванай краінай», – заявіў Мілінкевіч.
Сёння лідэр руху «За Свабоду» вярнуўся з Прагі, дзе ўдзельнічаў у прадстаўнічым «Форуме 2000».
«Сусветныя лідэры выдатна ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і Еўрапейскі Марш, які рыхтуецца. Мне нават не прыходзілася распавядаць – усе самі пыталі. Былы Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт вельмі цікавілася, як пройдзе Еўрапейскі Марш, як сябе вядуць улады. Свет за нас хварэе. Але ўсё залежыць толькі ад нас саміх. Дэкларацый мала – трэба дзейнічаць. Нам дадзены вялікі аванс. Усе вераць у нашу еўрапейскасць, у наша пачуццё ўласнай годнасці, і цяпер мы самі павінны стаць паўнавартаснымі сябрамі еўрапейскага грамадства», – сказаў Мілінкевіч.




