Леанід Заіка: «Калі гэтыя лічбы службоўцы дакладуць Лукашэнку, ён проста ўсіх звольніць з працы»
7- 10.10.2007, 15:28
Намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Васіль Каменка заявіў, што доля ценявой эканомікі ў Беларусі нібыта складае каля 15% ВУП. Аднак кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка заявіў прэс-цэнтру Хартыя’97, што насамрэч гэтая лічба больш, як мінімум, у два разы.
«Міністэрства па падатках і зборах не спраўляецца з сваёй працай, таму і дакладае пра ценявую эканоміку. Насамрэч, беларускі ўрад спецыяльных даследаванняў на гэтую тэму не праводзіў. Былі нейкія разавыя сацыяльныя даследаванні. Пэўную працу па гэтым пытанні праводзіў Інстытут бяспекі. Праводзяцца і міжнародныя даследаванні, якія часам ацэньваюць долю нашай ценявой эканомікі да 52%, што, вядома, завышанае», – каментуе інфармацыю эканаміст.
На думку эксперта, можна казаць пра тое, што прыведзеныя намеснікам міністра дадзеныя па ценявой эканоміцы насамрэч прыніжаныя. «Рэальная яе доля прыблізна 36% ад ВУП. Але калі гэтыя лічбы службоўцы дакладуць Лукашэнку, ён проста іх усіх звольніць з працы», – мяркуе Леанід Заіка.
Афіцыйна ценявую эканоміку асацыююць з так званай эканамічнай злачыннасцю. «Насамрэч у цені знаходзіцца значная частка сферы паслуг (рамонт, тэхабслугоўванне аўтамабіляў, рамонт кватэр, нагляд за дзецьмі і г.д.), праца ў пазаўрочны час за наяўныя грошы, продаж-перапродаж нерухомасці, яе будаўніцтва. У цені знаходзіцца таксама значная частка аперацый з нафтай і нафтапрадуктамі», – лічыць эканаміст.
На думку Леаніда Заікі, наяўнасць ценявога сектара ў беларускай эканоміцы тлумачыць актыўнае будаўніцтва ў апошнія гады сучасных катэджаў і куплю надзвычай дарагіх аўто, якія немагчыма было б набыць на афіцыйныя зарплаты службоўцаў і кіраўнікоў.