2 мая 2024, четверг, 10:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Белорусы, немцы, литовцы, словаки, хорваты находятся в одной генетической группе

8

2,5 года работали над созданием национального ДНК-банка белорусские ученые в рамках проекта генетического анализа белорусов. На сбор примеров ДНК и их исследований понадобилось 2,5 года. Сегодня основной объем работ завершен, подведены первые итоги, которые должны дать ответ на вопрос – откуда пришли белорусы? Отдельный мы народ или продукт смешивания других народов?

Раскрыць таямнiцу паходжання беларусаў газета «Звязда» папрасiла кiраўнiка праекта, загадчыка лабараторыi нехрамасомнай спадчыннасцi Iнстытута генетыкi i цыталогii, члена-карэспандэнта НАН Беларусi Алега Давыдзенку.

— З тых часоў, калi пра беларусаў сталi гаварыць як пра асобны народ, з уласцiвымi яму асаблiвасцямi i адметнасцямi, гiсторыкi, этнографы, фалькларысты пачалi прапаноўваць самыя розныя тэорыi яго ўзнiкнення. Агучвалiся "польская", "балцкая", "крывiцкая" версii…

— Я абавязкова дапасаваў бы ў гэты спiс i "старажытнабеларускую" версiю, аўтарам якой з’яўляецца член-карэспандэнт НАН Беларусi Мiхаiл Пiлiпенка. Паводле яго тэорыi, беларуская этнiчнасць утварылася на аснове трох славянскiх плямёнаў: крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў, пры нязначным уплыве балтаў, угра-фiнаў, цюркаў i iншых народаў. Увогуле, этнас — паняцце даволi аб’ёмнае, розныя даследчыкi вызначаюць яго па розных крытэрыях. Калi да пытання ўтварэння этнасу падыходзiць з пазiцыi з’яўлення дзяржаўнасцi — гэта будзе адзiн пункт адлiку. Калi за аснову ўзяць наяўнасць культурных супольнасцяў — другi. Тым не менш, абслютна вiдавочна, што этнас нараджаецца са з’яўленнем першых прымiтыўных тэхналогiй i пачынае актыўна развiвацца з пераходам людзей да земляробства i жывёлагадоўлi.

— Раскажыце, калi ласка, якiя асаблiвасцi генома чалавека дапамагаюць генетыкам даследаваць этнас?

— Па-першае, усе мутацыйныя працэсы, якiя ўзнiкаюць у генах, носяць неабарачальны характар. Калi ген муцiраваў са стану А ў стан В, то назад — у стан А ён ужо не вернецца (верагоднасць гэтага ёсць, але вельмi-вельмi нязначная). Са стану В ген у аднаго iндывiдыума можа муцiраваць у стан С, у другога — у стан Д. Атрымлiваецца своеасаблiвая "сетка"…

— Генетычнае генеалагiчнае дрэва чалавецтва?

— Менавiта, i яго можна аднавiць у адваротным парадку: ад верхнiх "галiнак" да "ствала", да першага мужчыны i першай жанчыны. Па-другое, у адрозненне ад фенатыпiчных прымет (колер вачэй, форма чэрапа i iнш.) ДНК-маркеры не залежаць ад знешняга ўздзеяння, ад асяроддзя (як форма чэрапа, напрыклад, ад прафесiяналiзму акушэрак). Акрамя таго, сама колькасць ДНК-маркераў бязмежная. У чалавека прыкладна 30 тысяч функцыянальных генаў i ўдвая больш нефункцыянальных участкаў генома, якiя мы таксама можам даследаваць. Апошнiя не ўплываюць на нашу здольнасць да прыстасавання, аднак хуткасць самiх мутацыйных працэсаў у iх даволi стабiльная. Спрацоўвае так званы "малекулярны гадзiннiк". Падлiчыўшы колькасць такiх змяненняў, мы можам вярнуцца назад па шкале часу i сказаць, калi дзве папуляцыi былi адным цэлым i ў якi момант яны разышлiся. Увогуле, усе народы былi ўтвораны ад адной невялiкай групы людзей, якiя пражывалi ў Афрыцы 120—150 тысяч гадоў таму.

— Гэтаму ёсць навуковыя доказы?

— Безумоўна. Найбольшая разнастайнасць мiтахандрыяльнай ДНК, якая перадаецца ў спадчыну па жаночай лiнii, была выяўлена менавiта ў Афрыцы. Адсюль вынiкае, што першыя жанчыны былi афрыканкамi. Тое ж пацвердзiлi i даследаваннi Y-храмасомы, якая перадаецца па мужчынскай лiнii: нашы агульныя прапрадзядулi таксама пражывалi ў Афрыцы. Першая хваля перасялення адбылася 70 тыс. гадоў таму. Людзi накiравалiся ў Цэнтральную Азiю (прынамсi, гэтая галiна мангалоiдаў дала пачатак не толькi амаль усiм азiяцкiм народам, але i адна з яе галiн дала пачатак усiм амерыканкiм iндзейцам). Другая хваля была скiравана на Еўропу i Азiю (каля 50—60 тыс. гадоў таму), аднак распаўсюджванню перасяленцаў тады перашкодзiў ледавiк. Чалавечыя папуляцыi "сцiснулiся" да мiнiмальных памераў i здолелi выжыць у двух "сховiшчах": у iберыйскiм (на мяжы Iспанii i Францыi) i ў прыкаспiйскiм. Толькi пасля сходу ледавiка (10 тыс. гадоў таму) пачалося актыўнае засяленне Еўропы.

— I Беларусi ў тым лiку?

— I Беларусi. Прамыя продкi славян, у тым лiку i беларусаў, — iндаеўрапейцы.

— Раскажыце падрабязней, у чым заключалася ваша даследаванне.

— Мы "разбiлi" ўсю тэрыторыю Беларусi на рэгiёны з улiкам iх этнiчных асаблiвасцяў. Найперш нас цiкавiлi мясцiны, дзе, паводле летапiсаў, пражывалi радзiмiчы (Слаўгарад, Чачэрск, Клiмавiчы), крывiчы (раёны Вiцебска, Полацка, узбярэжжа Дзвiны) i дрыгавiчы (Усходняе Палессе i тэрыторыя на захадзе ад Гомеля, Цэнтральная Беларусь). Мы наўмысна пазбягалi тых рэгiёнаў, дзе сёння кампактна пражываюць прадстаўнiкi iншых нацыянальнасцяў (напрыклад, Iўе, дзе жывуць татары, Лiдскi, Шчучынскi, Воранаўскi раёны, дзе людзi яшчэ на пачатку ХХ стагодзя памяталi, што iх продкамi былi лiтоўцы). На першым этапе нашага даследавання мы вывучалi ДНК спрадвечных беларусаў.

— А каго вы адносiлi да гэтай катэгорыi?

— Тых, у каго бабуля па мацярынскай лiнii i дзядуля па бацькоўскай — мясцовыя жыхары. Мы ўзялi тысячу ўзораў ДНК, правялi аналiз двух самых важных яе ўчасткаў: мiтахандрыяльнай ("жаночай") ДНК i Y-храмасомы ("мужчынскай").

— I што ж паказалi даследаваннi?

— З тысячы ўзораў беларускiх ДНК большасць адносiцца да заходняга варынту еўразiйскага тыпу мiтахандрыяльнай ДНК. Да гэтага тыпу адносяцца i ўсе iндаеўрапейцы. Iншая справа, што прапорцыi кампанентаў у розных iндаеўрапейскiх народаў розныя. Карацей кажучы, гэта сведчыць пра тое, што мы — тыповы еўрапейскi народ. Па адных прыкметах мы падобныя на ўкраiнцаў, па iншых — на фiнаў, вядома ж, блiжэй за астатнiх нам славяне, але па шэрагу прыкмет мы рознiмся i ад рускiх, i ад палякаў. Высветлiлася, што згодна з праведзеным шматмерным аналiзам (адразу па некалькiх прыкметах) беларусы, германцы, лiтоўцы, славакi, харваты знаходзяцца ў адной групе. Гэта значыць, што прапрамацеры ў германцаў, балтаў i славянаў былi агульнымi. У баку ад гэтай супольнасцi знаходзяцца фiны i iберыйцы (продкi сучасных iспанцаў, партугальцаў, валiйцаў). Як вы памятаеце, яны перажывалi ледавiк у адасобленых сховiшчах.

Аналiз "мужчынскай" храмасомы таксама пацвердзiў, што на 95 працэнтаў у беларусаў еўрапейскi тып Y-храмасомы.

— I ўсё ж, мы ўтварылiся шляхам "змяшання" народаў цi захавалi "чысцiню крывi" iндаеўрапейцаў?

— Узгадаем балтыйскую тэорыю паходжання беларусаў, паводле якой мы — нашчадкi славянамоўных балтаў. Сусветныя даследаваннi даказалi, што сённяшнiя балтыйскiя народы — гэта прадукт змяшання старажытных балцкiх плямёнаў з фiнамi. А, напрыклад, германцы падверглiся моцнаму ўплыву з боку iберыйцаў у Заходняй Еўропе i тых жа фiнаў — у Паўночнай Еўропе. Германцы i балты ўзнiклi ад сутыкнення этнасаў. А мы, беларусы, якраз нi з кiм не змешвалiся. Безумоўна, у нас ёсць пэўны працэнт прымесяў, аднак ён нязначны, такi ж, як i ў iншых народаў. Беларусы, як i iншыя ўсходнiя славяне, — цэнтральная галiна iндаеўрапейскага звяна. Людзi, якiя засялiлi тэрыторыю сучаснай Беларусi, былi iндаеўрапейцамi, потым сталi праславянамi, а пазней вылучылася беларуская этнiчнасць. Як бачыце, нi адна версiя гiсторыкаў наконт паходжання беларусаў не пацвердзiлася, за выключэннем народнай тэорыi "тутэйшых".

— А што датычыцца крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў, яны былi адным народам, якi пасля засялення разгалiнаваўся, цi ўсё ж рознымi плямёнамi, якiя пачалi ўзаемадзейнiчаць толькi на тэрыторыi Беларусi?

— Калi супаставiць усе даныя па мiтахандрыяльнай ДНК, то ўбачым, што ў розных рэгiёнах ёсць пэўныя адметнасцi, хоць нашу нацыю ў цэлым можна аднесцi да гамагеннай. Тым не менш розныя тыпы ДНК сустракаюцца з рознай частатой у розных рэгiёнах. Чым гэта абумоўлена? Натуральнымi адрозненнямi памiж плямёнамi цi ўплывам суседзяў? Адназначна сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, тут праявiлi сябе абодва фактары. Аднак наш аналiз паказаў, што найбольшая разнастайнасць тыпаў мiтахандрыяльнай ДНК наглядаецца ў Заходнiм Палессi. Адсюль вынiкае, што прапрабабулi ўсiх беларусаў пайшлi адтуль, i засяленне тэрыторыi нашай краiны пачыналася менавiта з паўднёва-заходнiх рэгiёнаў. Хутчэй за ўсё, людзi прыйшлi сюда з-за Карпат i рассялялiся па цячэннi Прыпяцi. Гэта пацвярджаюць звесткi, атрыманыя зусiм нядаўна ў Iнстытуце геалогii НАН Беларусi. Першыя знойдзеныя сляды пылку пшанiцы жыта былi выяўлены ў паўднёва-заходняй частцы Беларусi (iх узрост 7 тыс. гадоў). У паўднёва-ўсходняй частцы аналагiчныя знаходкi датуюцца 4 тыс. гадоў. Пшанiца i жыта — немясцовыя раслiны. Людзi прынеслi iх з сабой.

— Сёння можна сказаць, што ваша даследаванне цалкам завершана?

— Я так не сказаў бы. Мы завяршылi першы этап работы. 2,5 года нам спатрэбiлася на збор узораў i аналiз мiтахандрыяльнай ДНК i Y-храмасомы спрадвечных беларусаў. Для асэнсавання назапашанага матэрыялу спатрэбiцца яшчэ столькi ж часу. Акрамя таго, хацелася б прааналiзаваць ДНК iншых народаў, якiя сёння пражываюць на тэрыторыi Беларусi, а таксама вывучыць рэшткi ДНК з чарапоў i костак, знойдзеных археолагамi ў старажытных магiльнiках i курганах, каб параўнаць гены нашых продкаў з нашымi. Вялiкае значэнне для нас мае той факт, што ў беларусаў з’явiўся свой нацыянальны ДНК-банк. Цяпер нiхто не зможа займацца навуковымi спекуляцыямi наконт паходжання беларусаў. Ёсць банк — калi ласка, праверце ўсе нашы даследаваннi, правядзiце дадатковыя. Карыстаючыся выпадкам, мне б хацелася падзякаваць тым людзям, якiя аказалi значную дапамогу нашаму праекту. Гэта дацэнт гiстарычнага факультэта БДУ Тадэвуш Навагроцкi, акадэмiк Рычард Вiльямс, супрацоўнiк iнстытута крымiналiстыкi Iосiф Цыбоўскi i вучоныя нашай лабараторыi — вядучы навуковы супрацоўнiк Нiна Данiленка, аспiранты Алена Кушнярэвiч i Ларыса Сявiцкая.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях