Бывшего кандидата в «депутаты» судили вместе с переводчиком на белорусский язык
4- 20.11.2008, 17:27
Экс-кандидат в «депутаты» от демократических сил Константин Жуковский обязан вернуть на счет Будо-Кошелевского райисполкома более чем миллион семьсот тысяч рублей, которые были использованы на предвыборные листовки.
Такое рашэньне прыняла сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Жана Андрэйчык, якая разгледзела з удзелам перакладчыка пазоў акруговай камісіі на спагнаньне «выбарчых» грошаў з былога кандыдата, перадае «Радыё Свабода».
На сёньняшняе паседжаньне, як запатрабаваў былы кандыдат у «дэпутаты» суд запрасіў перакладчыцу з расейскай на беларускую мову — дацэнта катэдры беларускай мовы Дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны Натальлю Цімашэнку.
«Я хацеў, каб суд быў на беларускай мове. Гэта — мая мова родная. А то атрымліваецца, як у показцы: вешаюць ды яшчэ патрабуюць вяроўку з сабой прывалачы»,. - патлумачыў Кастусь Жукоўскі.
Літаральна зь першай хвіліны судовага паседжаньня ўзьнікла непаразуменьне. Зачытаўшы правы па-беларуску, перакладчыца сказала Жукоўскаму, што зараз у яго трэба «адабраць подпіс».
«У мяне подпіс можна толькі «ўзяць». А як ад мяне яго «адабраць»? – зьдзівіўся адказчык.
Судзьдзя Андрэйчык нават запыталася ў спадара Кастуся. дзе ён навучыўся так добра размаўляць па-беларуску. Бо цяпер, як лічыць судзьдзя, «даже в деревне разговаривают на каком-то смешанном русско-белорусском языке».
«Дык у мяне род такі, памяць генэтычная захавалася — усе размаўлялі на мове, дадзенай Богам», — патлумачыў Кастусь Жукоўскі.
Агучваючы пазоў акруговай камісіі, дацэнт перакладала, што Жукоўскі быў зарэгістраваны «акружной выбарачнай» камісіяй кандыдатам у «дэпутаты» «палаты старшынь». «Избирательный кодекс» перакладаўся таксама як «Выбарачны кодэкс», «расчетный счет» як «разьліковы лік», «частично» як «частотна».
З прэтэнзіямі выбарчай камісіі Кастусь Жукоўскі не пагадзіўся. Але не з-за перакладу. Былы кандыдат заявіў, што ня верыць у аб’ектыўнасьць суду.
«Гэта — судзілішча», - сказаў ён.
«Таму што ў нас няма малатка?» – пацікавілася судзьдзя.
«Не, Вы ня ёсьць незалежныя. Але гэта сьмяротны грэх — судзіць так, як скажуць», — адказаў Кастусь Жукоўскі.
Ён апавёў, што сваю кандыдатуру з «выбараў» у Буда-Кашалёўскай акрузе № 38 зьняў у першы дзень датэрміновага галасаваньня з прычыны няроўных умоваў вядзеньня перадвыбарчай агітацыі з кандыдатам ад улады Уладзімерам Кужанавым. Апрача таго, у склад участковых выбарчых камісіяў мясцовыя ўлады не ўключылі аніводнага з шаснаццаці прапанаваных прадстаўнікоў дэмсілаў.
На сяброў ініцыятыўнай групы чыніўся ціск — звольнілі з працы ня толькі самога Кастуся Жукоўскага, але й кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Алеся Сівакова. Усё гэта, на думку кандыдата, — слушныя матывы адмовы ад удзелу ў «выбарах».
Пасьля абвяшчэньня рашэньня суду былы кандыдат у дэпутаты Жукоўскі заявіў, што менавіта такога і можна было чакаць.
«Рашэньне было цалкам чаканае. Пра што я й сказаў у сваім слове. Гэта проста «Закрытае акцыянэрнае таварыства Рэспубліка Беларусь», у якім — адзін уладальнік акцыяў. Я лічу, што «выбары» былі несумленнымі, умовы — няроўнымі. Але я не зьбіраюся хавацца — буду сплачваць грошы і далей ня буду судзіцца. Праз чатыры гады я зьбіраюся ў гэтай сама акрузе зноў балятавацца кандыдатам на выбарах. Таму «чорны піяр» сабе рабіць ня варта. А калі зьменіцца ўлада, мы прынясем гэтую заяву ў суд яшчэ раз, каб разгледзелі й вярнулі грошы», - зазначыў Кастусь Жукоўскі.