4 мая 2024, суббота, 5:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Алесь Марочкин: «Я видел двери с той стороны камеры – это уникальное произведение!»

3

29 марта из спецприемника-распределителя на Окрестина вышел на свободу известный белорусский художник, руководитель Объединения белорусов мира «Бацькаўшчына» Алесь Марочкин.

24 сакавіка ўвечары ў майстэрню вядомага мастака Алеся Марачкіна ўварваліся ампаўцы. Яны правялі ператрус ды арыштавалі мастака. Судзьдзя Тацьцяна Паўлючук дала Марачкіну 5 сутак за тое, што ён нібыта “брыдкасловіў каля будынку Цэнтральнага РАУС”.

30 сакавіка Аляксею Марачкіну споўнілася 68 год. “Польскае радыё” прапануе інтэрвію зь вядомым мастаком, запісанае ў ягоны дзень народзінаў, якраз, калі ён сядзеў за сьвяточным сталом.

- Спадар Алесь, найперш віншуем Вас з падвойным сьвятам – з Днём народзінаў ды вызваленьнем!.. Вельмі радыя, што Вы на волі, што ўвесь гэты жах для Вас скончыўся! Згадайце, калі ласка, як адбывалася Вашае затрыманьне?

- Я быў у майстэрні. Я не хаваўся, казаў таксама па тэлефоне, усе ведалі, што я па ўласным жаданьні зрабіў усё, каб гэтая сьвяточная імпрэза, мірнае шэсьце, прысьвечанае 90-годзьдзю БНР была хораша аформлена. Я напісаў пазітыўныя лёзунгі, расьцяжкі, намаляваў шэраг геральдычных плякатаў, партрэты дзеячоў культуры – Купалы, Коласа, Багдановіча, Цёткі, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР… І ўсё гэта знаходзілася ў маёй майстэрні. І – о дзіва! – калі раптам мне пачалі доўга і занудліва званіць у дзьверы, я адчыніў і пабачыў на парозе трох спэцназаўцаў ды міліцыю. Яны ўвайшлі і зрабілі ператрус. Больш за тое, яны фактычна канфіскавалі расьцяжкі ды плякаты.

- А што было напісанае на гэтых расьцяжках?

- Вось гэта самае галоўнае! Калі яны забіралі плякат “Жыве Беларусь!”, я ім казаў: вы паглядзіце, у “Народнай газэце” гэты лёзунг на першай старонцы, ён не забаронены! Калі яны канфіскоўвалі маляўнічую харугву ТБМ – я казаў, што гэта зарэгістраваны сымбаль! Яны арыштавалі расьцяжку са словамі Янкі Купалы “Жыў беларус і будзе жыць!” Узьнікаюць пытаньні: якія гэта людзі рабілі? хто яны? адкуль яны? Адкуль такія ўзяліся манкурты?! Але, праўда, не адважыліся арыштоўваць партрэты дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі і геральдыку нашых гарадоў.

- Колькі агулам у Вас канфіскавалі плякатаў ды расьцяжак?

- Каля 30 штук. І адабралі карціну “Нашы лялькі”

- А што гэта была за карціна?

- Яна была напісаная ў сярэдзіне 90-ха гадоў. Тэма – кшталту тых расейскіх “Лялькаў”, якія вёў Шэндэровіч. Там можна было пазнаць нашых, як кажуць, сёньняшніх уладароў.

- То бок, гэтай карціне было больш за 10 год?

- Так! І вось яна дачакалася часу, калі яе выцягнулі са сховішча… Якое яны мелі права забіраць яе з майстэрні?.. Я сказаў, што рыхтую ўсё гэта на мірнае шэсьце, дазволенае, якое пачнецца ад Акадэміі навук!

- А што было пашкоджана ў Вашай майстэрні?

- Пабілі рэдкую кераміку, лазілі літаральна па ўсіх дзірках! Узялі кнігу “Плошча”. Хацелі ўзяць дзічячыя кніжкі, якія выпускае “Бацькаўшчына”. Выцягнулі іх, паглядзелі… Вельмі для іх быў не да спадобы значок “Размаўляй са мной па-беларуску”…

- Што адбывалася з Вамі далей?

- Далей пастарунак, пратакол, які я ў першы дзень не падпісаў. Назаўтра я вырашыў у гэтым спэктаклі ўдзельнічаць – мне цікава было. Потым суд. Я нават ня бачыў сьведкаў, якія паказвалі супраць мяне. Я потым пайду ў суд і вазьму копію рашэньня.

- А што яны дакладна напісалі ў пратаколе?

- Што я казаў брыдкія словы на вуліцы Арлоўскай, перад Цэнтральным РАУС.

- І навошта Вы гэта рабілі?

- Вось гэтага я ня ведаю… (з усьмешкай). Я на судзе сказаў, што паўсюдна карыстаюся беларускай мовай, у якой няма гэткіх словаў. Ну, а паколькі ў нас дзвюхмоўе, я ў такім стане, што і зараз магу вылаяцца. Праўда, гэтага не раблю. Але патэнцыйна магу на “великом и могучем”. Судзьдзя пытаецца: “Так было ці не?” Я кажу: як хочаце, так і пішыце!

- Што было пасьля на Акрэсьціна? Што вам запомнілася з гэтых пяці дзён?

- Ну, ня трэба рабіць страшылку з Акрэсьціна. Безумоўна, гэта не курорт. Але ўспомніўшы тое, як нашы людзі ў 20-я, 30-я гады пакутавалі, калі яны ішлі на растрэл, і калі ім ламалі рукі, калі зьдзекваліся зь іх – то сёньня гэтага няма. Сёньня, можа быць, іншыя, больш вытанчаныя мэтады… Ва ўсякім разе, я не адчуваў зьдзекаў зь сябе з боку міліцыянтаў, ахоўнікаў. Не было прыніжэньня. Прыніжэньне – тое, што я там знаходзіўся… Жылі на халодным, цьвёрдым подыюме, чалавек па восем. Подыюм быў драўляны і вельмі халодны…

- У Вас быў матрац, коўдра?

- Нічога! У чым мы былі апранутыя – у тым і спалі. Хацела жонка передаць нешта, падушачку маленькую – “не паложана”.

- Што было самае непрыемнае за гэтыя дні?

- У параўнаньні з тым, што адбывалася ў майстэрні, якое было нахабства, самае непрыемнае – гэта тое, што я адчуў, што на любога чалавека, аказваецца, маюць права сьведчыць сілавыя структуры. Могуць напісаць усё, што заўгодна і тут жа падпісацца! Па рапарце і па сьведчаньнях міліцыянтаў могуць пасадзіць не на 5 і не на 10 сутак, а на гады.

- Усім гэтым яны не аднялі ў Вас жаданьня змагацца?

- Вядома ж, не!.. Я наадварот спазнаў гэты механізм! Я цяпер ведаю, што і як. Ведаеце, калі іншы чалавек адкрывае сябе, і ты ведаеш ягоныя паводзіны, дык робіцца прасьцей. Гэта неабходна. А для мяне станоўчы фактар – у мяне зьявіліся новыя вобразы і новыя ідэі стварэньня карціны, я буду гэта рабіць. Я бачыў дзьверы з таго боку камэры – гэта ўнікальны твор!.. Я яго замаляваў – мне нават далі аловак і паперу. Я проста натхніўся на новыя ідэі і новыя творы!..

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях