Зарплату – простынями, премию – полотенцами
16- 11.06.2008, 10:24
По случаю дня легкой промышленности работникам Оршанского льнокомбината выдали премию – продукцией собственного производства.
У якасьці матэрыяльнай падтрымкі да прафэсыйнага сьвята работніцы льнокамбінату – а працуюць там пераважна жанчыны – атрымалі ручнікі і абрусы са складу прадпрыемства. Засьцяліць новым абрусам сьвяточны стол, безумоўна, было б надзвычай прыемна, каб не адно "але" – адзначыць сьвята работніцам асабліва няма на што, бо нават заробкі льнокамбінат часткова выдае прасьцінамі або проста палатнінай свайго ж вырабу, піша Bulletinonline.
Кіраўніцтва прадпрыемства мяркуе, што жанчыны мусяць нейкім чынам рэалізоўваць тую бялізну на ўласную карысьць. Хаця гэта заведама праблематычна зрабіць, не парушаючы гандлёвае заканадаўства – не зарэгістраваўшыся, да прыкладу, у прыватныя прадпрымальнікі.
Рэалізацыя прадукцыі прадпрыемства афіцыйным чынам таксама адбываецца з вялікімі цяжкасьцямі: адмыслоўцы адзначаюць, што ў Эўропе попыт на беларускую льнопрадукцыю зьніжаецца. У гэтым сэнсе Беларусь пацясьніў Кітай, які ў апошнія гады гэтаксама стаў "сінявокім", бо пад лён там аддадзеныя вялікія сельскагаспадарчыя плошчы, і льнотканіна, а таксама адзеньне зь яе рэалізуецца па куды таньнейшых у параўнаньні зь беларускімі коштах.
Такім чынам, колішні флагман айчынный лёгкай прамысловасьці – Аршанскі льнокамбінат – запазычыўся пастаўшчыкам сыравіны, беларускім льнозаводам мільярды й мільярды рублёў. Таму прадпрыемства ня ў стане рэгулярна плаціць ні заробкі, ні прэміі.
Адсутнасьць абаротных грашовых сродкаў не дазваляе спадзявацца й на хуткае тэхнічнае пераўзбраеньне прадпрыемства. Паводле намесьніка старшыні канцэрну "Беллегпрам" Анатоля Гурава, ступень амартызацыі абсталяваньня Аршанскага льнокамбіната набліжаецца да 100 працэнтаў.
Работнікі прадпрыемства спадзяюцца на дзяржаўныя субсідыі, якія дазволяць абнавіць тэхніку. Але, паводле папярэдніх дадзеных, гэта можа адбыцца толькі ў чацьвёртым квартале 2008 году. Сумніўным, на думку аршанскіх працаўніц, выглядае прапанаваны дзяржаўнымі структурамі праект, згодна зь якім камбінату належыць вырабляць адмысловую тканіну, зь якій будуць шыць "беларускія джынсы". Тканіна будзе адрозьнівацца ад клясычнага "cotton" у сваім складам: 48 працэнтаў бавоўны і 52 лёну. Калі ажыятажнага попыту на адзеньне зь яе ня будзе, то льнокамбінат ня зможа ліквідаваць запазычынасьці. І тады прэміі ды заробкі давядзецца атрымліваць ужо нават не ручнікамі ды прасьцінамі, а штанамі ды спадніцамі.
Разам з тым, днямі старшыня канцэрну "Беллегпрам" Эдуард Нарышкін, абвяшчаючы на прэс-канферэнцыі ў Менску, што прадпрыемсты канцэрну мусяць быць прададзеныя прыватнікам, менавіта пра ільновытворчасць заўважыў, што яна застанецца дзяржаўнай, як стратэгічная для краіны.