Беларусь самая ограбленная страна в Европе
11- 26.06.2008, 12:01
Во время одной из конференций по поводу возвращения белорусского историко-культурного наследия, называлась цифра национальных достояний, которые остались на территории Беларуси – примерно 1%. Большинство украденных ценностей находятся в российских запасниках.
Затое, як сцьвярджае папулярнае расейскае выданьне “Вокруг света”, легендарныя крыж Эўфрасіньні Полацкай, 12 залатых радзівілаўскіх апосталаў і напалеонаўскія скарбы не пакідалі нашу краіну, таму навукоўцы й ня могуць іх знайсьці, бо канцэнтруюць сваю працу выключна на замежжы.
Асаблівую ўвагу “Вокруг света” зьвяртае на радзівілаўскія скарбы. Паводле паданьняў, да напалеонаўскай вайны ў лёхах радзівілаўскага замку ў Нясьвіжы было схавана каля тоны розных каштоўнасьцяў, найбольш дарагімі сярод іх былі фігуры 12 апосталаў, адлітыя з золата й срэбра, адзначае «Польскае радыё».
Падчас напалеонаўскай вайны, апошні гаспадар нясьвіскага замку Дамінік Радзівіл змагаўся на баку францускага войска. Калі расейцы ўваходзілі ў Нясьвіж ён загадаў сваім служкам схаваць усе скарбы ў падзямельлі й зьнішчыць калідор, які да іх вёў з замку. Пазьней расейцы наднаразова спрабавалі знайсьці схаваныя скарбы, катавалі нават адміністратара замку, але той ня выдаў месца знаходжаньня скарбніцы. Неўзабаве пасьля гэтага быў сьмяротна паранены князь Дамінік. Усе людзі, якія ведалі дакладнае месца схаваных каштоўнасьцяў, адышлі ў іншы сьвет, а скарбы цягам 196 гадоў так ніхто й не знайшоў.
На думку аўтара публікацыі, падобны лёс напаткаў таксама й крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Але беларускія дасьледчыкі прытрымліваюцца думкі, што крыж трэба шукаць у Расеі.
У гэтым перакананы гісторык Уладзімер Арлоў, аўтар шэрагу прац па гісторыі Полацку й крыжа Эўфрасіньні.
«Я перакананы, што найперш крыж Эўфрасіньні трэба шукаць у музэйных сховішчах Расеі. І гэта ні якая-небудзь інтуіцыя палачаніна альбо чалавека, які вырас побач са Спаса-Эўфрасінеўскім манастыром. Маё перакананьне грунтуецца на зьвестках, якія ў свой час сабралі супрацоўнікі КДБ Беларусі. Супрацоўнік магілёўскага ўпраўленьня КДБ Багдановіч шмат гадоў займаўся пошукам нашай нацыянальнай сьвятыні й потым выступіў з цыклам публікацый у друку. Ён нават адшукаў кіроўцу, які вывозіў музэйныя скрабы з Магілёва ў 1941 годзе і ў кабіне зь якім ехаў тагачасны І-шы сакратар ЦК КБП Панамарэнка. Пры пагрузцы і ў размовах неаднаразова згадваўся крыж. У свой час прэс-сакратар КДБ выступіў зь вялікім інтэрвію ў “Звяздзе”. Яно так і называлася: “Крыж Эўфрасіньні Полацкай трэба шукаць у Расеі”. І там нават адрасы называліся: музэйныя сховішчы Ленінграду альбо Саратава», - кажа Ўладзімер Арлоў.
“Вокруг света” высоўвае вэрсію, што ў калекцыі магло быць больш крыжоў, некалькі магло быць і транспартных калён, якія перавозілі сканфіскаваныя рэчы. “Адна зь іх магла даехаць на месца, іншая магла сустрэць перашкоды й крыж маглі закапаць у лесе альбо затапіць у балоце, каб ён ня трапіў у рукі немцам” – лічыць расейскае выданьне. “Таму – падсумоўвае аўтар – магчыма крыж, як і радзівілаўскія апосталы, сьпіць сабе спакойна й чакае пакуль нехта яго знойдзе”.
Найбольш расейцаў хвалюе лёс сваіх скарбаў, якія прыхапіў з сабой Напалеон, калі пакідаў Маскву. Трафеі так і ня трапілі ў Парыж, найбольш верагодным месцам іх захаваньня называецца вёска Студзенка на рацэ Беразіне. У 19 ст. на тым месцы людзі неаднаразова знаходзілі крыжыкі, ланцужкі, манэты, штандары й іншыя рэчы. Цяпер ля Студзенкі можна знайсьці толькі гузікі, якія маглі належаць францускім жаўнерам. Расейцам ёсьць па чым плакаць. Падчас уцёкаў з Масквы Напалеон скраў старую зброю, залатыя келіхі ўпрыгожаныя каштоўнымі камянямі, вядомае залатое кадзіла вагою ў 1 тону.
Аднак скрадзеных і вывезеных зь Беларусі скарбаў усё ж значна больш – кажа гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч. Паводле яго, Беларусь сьмела можна назваць адной з найбольш абрабаваных эўрапейскіх краінаў.
“Калі казаць пра скарбы, то Беларусь у гэтым сэнсе найбольш абрабаваная. У 1941 годзе зь беларускіх музэяў і кнігазбораў вывозіліся старадрукі Скарыны. Напрыклад, у Варонежскім музэі ёсьць добры збор кніг зь Беларусі, і іх потым не вярнулі. І Расея іх ужо й ня верне, бо яны прынялі закон адпаведны. Гэта можна толькі купіць за бульбу ці што іншае. Бібліятэка Радзівалаў і іх архівы зь Нясьвіжу зараз у Пецярбурзе, там каля 1 млн. кніжак. Гэтыя кнігі стварылі аснову Пецярбурскай бібліятэкі Акадэміі навук, там апынуўся таксама дзяржаўны архіў ВКЛ. Пасьля паўстаньняў супраць царызму ў 19 ст. Мікалай І асабіста адбіраў са сьпісу рэчаў карціны й мэблю з магнацкіх палацаў. Так было паўсюль, уся краіна абрабаваная”, - сцьвярджае гісторык.
Дарэчы, напрыканцы 90-х, падчас адной з канфэрэнцыяў наконт вяртаньня бларускай гісторыка-культурнай спадчыны, называлася лічба скарбаў, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі – прыкладна 1%. За апошнія 11 гадоў справа амаль не зьмянілася, бо ў Беларусі, бадай як у адзінай краіне Эўропы, няма дзяржаўнай структуры, якая б займалася вяртаньнем культурных і гістарычных каштоўнасьцяў.