8 мая 2024, среда, 5:20
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вайна не за гарамі

11
Вайна не за гарамі

Шмат цёмнага ў гэтай гісторыі. Мноства пытанняў яна выклікае. І на большасць адназначных адказаў няма. Увогуле зразумець немагчыма, як усё тое магло здарыцца? Але факт застаецца фактам. На Каўказе зноў пачалася паўнамаштабная вайна.

Два стагоддзі запар расійцы і грузіны кляліся ў вечнай дружбе. Георгіеўскі трактат, паводле якога невялікая закаўказская краіна і бязмежная імперыя знайшлі паразуменне на доўгія часы, заўжды лічыўся ўзорам дыпламатыі і дзяржаўнай мудрасці. Колькі глыбокіх і шчырых вершаў ды іншых твораў высокага мастацтва было прысвечана гэтай даўняй любові. І колькі ўзнёслых тостаў узнята было ў гонар братэрства! Куды яно раптам падзелася?

А нікуды. Нават у хвіліны ўзаемнай нянавісці, у агні вайсковага канфлікту Пуцін традыцыі даўняй не здрадзіў. І выступаючы з гнеўнай прамовай у прамым эфіры Расійскага тэлебачання, той настальгічны матыў узгадаў. “В России всегда относились к Грузии с огромным уважением, а грузинский народ считали братским народом”. Каб і надалей не сумняваўся ніхто ў шчырасці гарачых пачуццяў расійскага кіраўніцтва да малодшага закаўказскага брата, кінулі ў бой танкавыя калоны 58-й арміі ды часткі 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Ажно з-пад Пскова давялося іх везці. Але дзеля братняй дружбы нічога не шкада.

Грузіны самі ва ўсім вінаватыя? Першымі пачалі? А каму дакладна вядома, хто ў тым заблытаным кафлікце сапраўдны пачынальнік? Нават дасведчаныя расійскія аглядальнікі, патрыёты да таго ж, і тыя не спяшаюцца вызначыць канчаткова, хто першым прайшоў той пункт, пасля якога наперадзе - толькі вайна.

Аднак у Расіі дыпламатычны корпус, дзяржаўная прапаганда і замежнае лобі не менш магутныя, чым яе Армія. А таму адразу была выпрацавана версія амаль бездакорная. У Паўднёвай Асеціі ёсць расійскія грамадзяне. І калі Грузія накіравала туды сваіх вайскоўцаў, Расія адразу кінула туды свае танкі. Каб абараніць уласных грамадзян. Версія сапраўды пераканаўчая. За выключэннем дробязі. Юрыдычна Паўднёвая Асеція – тэрыторыя Грузіі.

І як жа дзейнічала Расія ў дачыненні да Чачэніі, якую яна юрыдычна таксама лічыла сваёй тэрыторыяй? У 1999-м, па загаду ўсё таго ж рупліўца законнасці таварыша Пуціна, яна ўвяла туды свае войскі. А расійская артылерыя ператварыла горад Грозны ў руіны. І чамусьці ніхто ў вышэйшым кіраўніцтве тады не крычаў, што там ліецца кроў мірных грамадзян. Знікаюць людзі. Гінуць старыя і дзеці. Толькі Крэмль і сёння перакананы – вайна была справядлівай. Расія агнём вынішчала сепаратызм.

Вайна не бывае прыгожай. Гэта заўсёды жах, дзікунства, крывавае месіва. Расія выдатна ведала, чым можа скончыцца тая гульня, якую яна вяла ў Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Нічога новага маскоўскія стратэгі тут не ўнеслі. Старая каланіяльная схема. Вызначаецца і шчодра фінансуецца купка мясцовых таварышаў, з якіх у хуткім часе ўтвараецца урад. І толькі потым – сціплае вынаходніцтва. Жыхарам у масавым парадку выдаюцца расійскія пашпарты. А далей, калі ўзнікае пытанне наконт прыналежнасці гэтай тэрыторыі, уся моц вялікай дзяржавы ўстае на абарону “расійскіх” грамадзян. Прымітыўныя на першы погляд хітрыкі. Але часам надзвычай выніковыя. Асабліва ў тых выпадках, калі міжнародная супольнасць на гэткія гульні заплюшчвае вочы. І шмат каму ў Маскве напэўна падалося, што менавіта цяпер найбольш спрыяльны момант для пашырэння межаў пакрыўджанай Расіі. Найперш тэрыторыю трэба заняць. А там!.. Ну, пакрычаць. Будуць розныя пратэсты. Прымуць нейкія заявы. Але паціху ўсё сыдзе ў пясок. А здабыча застанецца.

Паўднёвая Асеція – спакуса найвялікшая. Варта толькі зірнуць на карту, каб пераканацца, што тут Расія ад свайго не адступіцца. Гэта на першы погляд кавалак не надта ласы. Тэрыторыя – 3,9 тысячы квадратных кіламетраў. Насельніцтва – усяго толькі 70 тысяч. Але ж для сапраўдных стратэгаў – якая прывабная мара! Лапік зямлі, аддзелены ад імперыі магутным горным храбтом, клінам урэзаўся ў самы цэнтр Грузіі. Сапраўдны плацдарм. Калі замацаваць тут расійскія войскі, незалежнасць Грузіі будзе праблематычнай. Гэта ж не жарты – расійскі кантроль над Рокскім тунэлем і перавалам. І да Тбілісі – рукой падаць. Можна такія інтрыгі закручваць, Талейран пазайздросціць. А далучыўшы яшчэ і Абхазію, кіраўніцтва якой проста ірвецца ў Расію, і ўвогуле можна лічыць інтарэсы імперыі ў гэтым рэгіёне надзейна гарантаванымі.

І Пуцін у вышэйзгаданай тэлепрамове намераў сапраўдных не хаваў. “Россия веками играла в этом регионе мира, на Кавказе в целом, весьма позитивную, стабилизирующую роль. Была гарантом безопасности, сотрудничества и прогресса в этом регионе. Так было в прошлом – так будет и в будущем. Пусть никто даже не сомневается”.

Ды хто ж пасмее!

Еўропа сарамліва ўтаропілася ў пекінскія спартовыя гульні. Пакрыўджана прыціхла. Сёй-той нешта няпэўнае прамармытаў. Хтосьці выказаў нават асцярожнае папярэджанне. Толькі Лех Качынскі знайшоў адпаведныя сітуацыі словы: “Дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі супярэчаць міжнародным нормам і на самой справе з’яўляюцца актам агрэсіі”. На вялікі жаль, ягоны голас можа зноў застацца самотным воклічам у пустыні. Так павялося ўжо здаўна, што калі на еўрапейскай сцэне з’яўляецца агрэсар, яго найперш спрабуюць улагодзіць. Як гэта было ў трыццатыя, калі Гітлеру тэрмінова спатрэбіліся Судэты. І ўсе адразу пагадзіліся. Дзеля далейшага панавання на самым гуманным кантыненце “безопасности, сотрудничества и прогресса”. Калі апамяталіся, было ўжо занадта позна.

Падобна на тое, што ўрокі гісторыі засвоіла адна толькі Польшча. Яна ведае, чым усё можа скончыцца. Усцешаны беспакаранай перамогай на поўдні, агрэсар паспяшаецца абараніць каго-небудзь і на заходнім напрамку.

А безнадзейна шчаслівая Беларусь пра нешта нядобрае думаць не хоча. Яна цешыцца Алімпіядай. Рыхтуе элегантныя выбары. І прагне вясёлых скокаў на дажынках. Вайна, кажаце? Дык гэта ж так далёка!

Недзе там, за гарамі.

Написать комментарий 11

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях