29 апреля 2024, понедельник, 16:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусь – правінцыя «Газпрама»?

4
Беларусь – правінцыя «Газпрама»?

Бяда падкралася знянацку. Менавіта ў той час, калі ўсё навокал так цудоўна. Саспеў у краіне рэкордны ўраджай. Электарат рыхтуецца да выбараў. Дэсантнікі з рогатам купаюцца ў фантанах. Святам не прадбачыцца канца.

І найвышэйшае кіраўніцтва кружыць над калгаснаю прасторай, спрабуючы знайсці хоць дробны недахоп. Але паўсюдна – толькі поспехі і мора ўсенароднай радасці. І раптам!..

Змрочныя дзядзькі ў спякотны летні дзень зашпіліліся на ўсе гузікі і рашуча выйшлі да мікрафонаў. Каб паведаміць фантастычную навіну: апошні аплот сацыялізму не вытрымаў аблогі. Тлусты пірог дзяржаўнай маёмасці выстаўляецца на продаж. Ды не абы якой, а той самай, якая ледзь не стала ў эканамічных змаганнях з варожым атачэннем сімвалам нашай незалежнасці. Прадаецца “Нафтан”. І “Палімір”. І ўсім зразумела, што варта толькі пачаць… Але ўбачыўшы, як у прысутных сквапна бліснулі вочы, першы намеснік прэм’ера Ўладзімір Сямашка супакоіў усхваляваных удзельнікаў прэс-канферэнцыі: “Распродажу, як на Камароўскім рынку, не будзе”. А калі шчыра, то ўсё яшчэ прасцей. Беларусь выстаўляецца на продаж. Беларусаў просяць чаргу не займаць.

Крыўдна!.. Гэткая нечаканасць. А то шмат хто з апазіцыі ўжо ўяўляў, як на здрадніцкія грошы адхопіць сабе “Палімір” або “Нафтан”. І чэсныя вясковыя даяркі, у якіх даляры няма куды падзець, наважыліся сёе-тое прыдбаць на прамысловай Камароўцы. А тут – як вядро вады на галаву. Не будзе Камароўкі.

Дык што ж будзе ўрэшце рэшт? Высветлілася – цывілізаваны рынак. Аднак і тут усё той жа Уладзімір Сямашка патлумачыў аўдыторыі, што галоўны начальнік “прадэкляраваў тры прынцыпы. Патэнцыйны інвестар павінен мець фінансавыя сродкі, каб купіць пакет акцый і інвеставаць у развіццё прадпрыемства. Ён павінен мець сыравіну, каб забяспечыць на сто працэнтаў загрузку гэтага прадпрыемства”. Далей цытаваць няма сэнсу. І без таго усё зразумела. Словам, яшчэ адно геніяльнае адкрыццё ў сусветнай эканоміцы.

Толькі не варта думаць, што ў адпаведнасці з вышэйзгаданым пастулатам сюды скіруюцца вядомыя заходнія кампаніі са саімі інвестыцыямі ды найноўшымі тэхналогіямі. Чорта лысага ім тут хоць што-небудзь абломіцца. Патэнцыйны пакупнік даўно вызначаны. На той жа прэс-канферэнцыі было сціпла адзначана, што расійскія кампаніі маюць відавочны прыярытэт. Прыехалі! Нішто сабе незалежная краіна, у якой увесь рытм жыцця вызначаецца цэнавай палітыкай Газпрама.

А як жа гучныя заявы падчас газавай вайны, што менавіта яны, расійскія кампаніі, намагаюцца гордую Беларусь паставіць на калені? А тая гнеўная заява, што незалежнасць не прадаецца? І ганарлівая ўпэўненасць, што ў газавай вайне перамагло тутэйшае прадбачлівае кіраўніцтва. У навагодняй бітве з монстрамі Газпрама адстаяла незалежнасць А заадно - і смешную цану на газ. Чаму ж тады ўсё спачатку? Ды ўсё таму, што не было ніякай перамогі. Маскоўскія партнёры ў перамовах нашмат хітрэйшыя за амбітных кіруючых вяскоўцаў. Тады, 31 снежня 2006 года, яны проста змянілі тактыку. Вырашылі крыху пачакаць. Пакуль саспее плод ды сам у рукі ўпадзе. І смеючыся над гэтымі небаракамі, пайшлі за навагодні стол. А потым было тое, што было.

Мясцовыя пераможцы, атрымаўшы адтэрміноўку, нават пальцам не паварушылі, каб зменшыць энергаёмістасць уласнай прамысловасці і катастрафічную залежнасць краіны ад Газпрама. Будавалі па-ранейшаму шыкоўныя лядовыя палацы. Наладжвылі дарагія масоўкі з папсой і стралянінай. Куплялі каштоўныя цацкі. А якія праблемы, сапраўды? Узніклі цяжкасці з аплатай газпрамаўскіх рахункаў – прыляцеў Пуцін. Прывёз патрэбныя мільярды. Пазычыйце!

І пазычылі. І былі ўпэўнены, што тое будзе паўтарацца зноў і зноў. Самалёт з Масквы. Пуцін на дывановай дарожцы. І расійскія мільярды на рахунку. Ды высветлілася раптам, што Газпрам кіраўнічыя абдымкі ніякім чынам не цікавяць. І што цана за тысячу кубоў расійскага газу 119 даляраў – фантазіі мясцовых аптымістаў. Ужо ў другім квартале бягучага году плаціць давялося па 129. А захаваць на наступны год цану ў 140 даляраў – ідэя смеху вартая. Каб разлічыцца, спатрэбяцца напэўна ўсе 200. А дзе іх узяць?

І таму тэрмінова пачалі рыхтаваць тавар на продаж. Усё тое, чым здаўна цікавіцца Расія – “Нафтан”, “Палімір”, “Гродна Азот”, Гомельскі хімзавод, Магілёўскае хімвалакно, МАЗ ды іншыя прывабныя кавалкі былога багацця. Пакупнікоў тавар задавальняе. Да таго ж усё так блізка да еўрапейскіх рынкаў збыту.

Вось і ўся гісторыя пра надта гордае тутэйшае кіраўніцтва, якое наважылася ісці сваім адметным шляхам. І ў адной асобна ўзятай краіне збудаваць савок на зайздрасць свету. Пакуль яно бараніла дзяржаўную маёмасць ад прыватызацыі і з поспехам душыла ўласных бізнесоўцаў, прыйшлі чужыя. І з еўрапейцамі новыя ўласнікі ў хуткім часе знойдуць узаемакарыснае паразуменне. Будуць гандляваць. Усё проста: не ўмееш сам, аддай чужому.

Рынак!

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях